Што зменіцца ў Беларусі з 1 сакавіка?


Сакавік у Беларусі – месяц адметны. І не толькі пераменаю надвор’я. Трэба заплаціць унёскі, паспець падаць дэкларацыі. Школьнікі цешацца канікуламі, паляўнічыя зважаюць на змены ў правілах палявання, для вандроўнікаў адкрываюцца новыя маршруты.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

А Нацыянальны банк з 1 сакавіка знізіць з 11,5% да 11% стаўку рэфінансавання, да якой прывязаныя крэдыты.

«З аднаго боку, у нас інфляцыя нібыта зніжаецца, – канстатавала старэйшая навуковая працаўніца Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Анастасія Лузгіна. – Але не трэба забываць, што інфляцыя зніжаецца, у тым ліку, за кошт жорсткага рэгулявання. На фоне паніжэння інфляцыі Нацыянальны банк зніжае свае стаўкі. З улікам таго, што на гэты год закладзены рост ВУП 3,8%, – трэба стымуляваць неяк эканоміку».

Стымуляванне эканомікі добра працуе пэўны час. Калі ж выкарыстоўваць такую захаду працягла, гэта ва ўмовах стрымлівання цэнаў пагражае тым, што Анастасія Лузгіна назвала «інфляцыйным навесам». Ён вядзе да далейшага раскручвання інфляцыйнае спіралі.

«Людзям, якія збіраюцца ўзяць крэдыт, гэта як бы ў плюс. Таму што стаўкі зніжаюцца – крэдыты становяцца больш даступнымі. Тыя грамадзяне, якія хацелі б зарабіць на тых жа дэпазітах – ну, тут ужо не атрымаецца».

Прыбытковасць у дэпазітах з нефіксаванымі стаўкамі таксама цяпер вагаецца ў межах гадавой інфляцыі плюс паўадсотка. Таму даход ад банкаўскіх укладаў у Беларусі ў рэальным выражэнні – даволі невысокі. Так што разлічваць даводзіцца на іншыя даходы.

Пры гэтым трэба памятаць, што заўтра – апошні дзень унёскаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва за мінулы год для некаторых платнікаў. Індывідуальныя прадпрымальнікі, адвакаты, натарыусы, пры ўмове дзейнасці цягам усяго справаздачнага года, маюць заплаціць не менш як 2006 рублёў 59 капеек. Зрэшты, можна і больш: яны самі вызначаюць, з якой сумы даходу будуць лічыць 35% страхавых унёскаў. Самазанятыя грамадзяне выплачваюць 29% ад самастойна вызначанага даходу, але як мінімум 1662 рублі 59 капеек.

А ў чыноўнікаў некаторыя набыткі не будуць лічыцца даходам. З 1 сакавіка ў нашай краіне набудзе моц новая рэдакцыя закону «Аб барацьбе з карупцыяй». Паводле яго, дзяржаўны службовец спакойна і беспакарана зможа прымаць пратакольныя падарункі коштам да 20 базавых велічыняў; цяпер гэта 740 рублёў. Прадпрымальнік-блогер Аляксандр Кныровіч пракаментаваў гэтую навіну скептычна:

«Такая норма закона ніяк не звязаная з маштабамі карупцыі, з нашым дзяржаўным апаратам. Яна чыста тэхнічна дазваляе следчым не заводзіць крымінальную справу, калі такі «маленькі» падарунак забіраюць сабе дзяржчыноўнікі».

Абноўлены закон таксама забараняе найбліжэйшым сваякам кіраўніка займаць пэўныя пасады ў арганізацыі. З 1 сакавіка гэтая забарона будзе тычыцца не толькі дзяржаўных, але ўжо і прадпрыемстваў з 50% доляй дзяржаўнай уласнасці.

Новаўвядзенні закрануць і аптэкі розных формаў уласнасці. Міністэрства аховы здароўя зацвердзіла пастанову, што рэгламентуе размяшчэнне і дзейнасць такіх установаў у Беларусі. Дакумент таксама набудзе моц з 1 сакавіка. Новыя аптэкі нельга будзе адкрываць побач з ужо наяўнымі. У дакуменце, апроч іншых цікавых момантаў, прапісана: для адкрыцця аптэкі пятай катэгорыі ў тым жа населеным пункце неабходная наяўнасць аптэкі першай або другой катэгорыі. То бок, калі ў невялікім горадзе ці ў вёсцы няма вялікай аптэкі, то і адкрыць малую або паставіць аптэчны шапік – закон забараняе.

Прызначана, што аптэка пятай катэгорыі, за невялікім выключэннем, рэалізуе толькі нерэцэптурныя лекі. Але гэтае патрабаванне пачне дзеяць з 1 чэрвеня.

Марына Яновіч, «Белсат»