Навошта Пуціну спатрэбіўся саміт СНД?


Уладзімір Пуцін сабраў у сябе амаль усіх кіраўнікоў краінаў СНД, акрамя прэзідэнта Малдовы. Прыехалі лідары нават тых дзяржаваў, што канфліктуюць паміж сабою. У прыватнасці, Азербайджану і Арменіі. Незвычайны быў і антураж: высокія госці снедалі ў Расейскім музеі. І кожнаму з іх падарылі пярсцёнак на памяць. Карыстальнікі інтэрнэту адразу прыгадалі «Уладара пярсцёнкаў». У кнізе і аднайменным фільме чорны ўладар оркаў Саўран падараваў магічныя пярсцёнкі ўлады дзевяцярым каралям і такім чынам ператварыў іх на сваіх слуг. Палітычны аглядальнік Юры Дракахруст мяркуе, што пуцінскія падарункі – свядомая адсылка да фэнтэзі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта такі сімвал: маўляў, мы ўсе оркі. Усе, хто перад вамі стаіць. У пэўным сэнсе. І мы прычасце Мордару, прычасце Саўрана прымаем», – кажа Юры Дракахруст.

Гэтай сустрэчай Крэмль паказвае, што постсавецкія краіны па-ранейшаму ў яго зоне ўплыву, мяркуе аглядальнік. Але з Аляксандрам Лукашэнкам Пуцін меў асобную размову. Хаця, здавалася б, зусім нядаўна бачыліся ў Менску. Ці змог Пуцін пераканаць Лукашэнку, каб беларуская армія ўступіла ў вайну? Бадай, галоўнае пытанне, што ўзнікае пасля такіх сустрэчаў. Бо расце залежнасць рэжыму Лукашэнкі ад Масквы. У першую чаргу эканамічная. Цяпер асноўны вонкавы рынак для беларускіх тавараў – Расея. А ва ўзаемных разліках краіны ўсё часцей карыстаюцца расейскімі рублямі.

«Пасля разгрому апазіцыі, ад’езду ІТ-кластару, пасля санкцыяў з боку заходніх краінаў супраць буйных беларускіх прадпрыемстваў казаць пра суверэнітэт Беларусі не даводзіцца. Акрамя Расеі, у яе не засталося іншага акна», – кажа эканамічны аглядальнік Максім Блант.

Аднак існуе версія, што Лукашэнка часта ездзіць у Расею, каб дабіцца для сябе саступак.

«Ён такі блізкі да Пуціна, што Пуціну няёмка яго да чагосьці прымушаць. Гэта ж свой, родны чалавек», – мяркуе Юры Дракахруст.

Але і Пуцін паслядоўна ўзмацняе расейскі ўплыў. Падчас сустрэчы з Лукашэнкам ён адмыслова нагадаў, што наступны год у Беларусі маюць абвясціць годам расейскай мовы. Маўляў, пра гэта дамовіліся на саміце СНД.

Валянцін Васіленка, «Белсат»