Ці адбудзецца «карэізацыя» беларусаў?


Расея ўсё бліжэй да Паўночнай Карэі, у тым ліку ў палітычным сэнсе. Расейскі міністр абароны разам з чальцом кітайскага Палітбюро стаў асабістым госцем Кім Чэн Ына на маштабных святкаваннях у Пхеньяне. Свята завецца Днём Перамогі ў Айчыннай вайне – Айчыннай вызвольнай вайне супраць карэйцаў з Поўдня і міжнароднага кантынгенту ААН. Ці будуць збліжаць з карэйцамі беларусаў?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Святкуюць усе! 27 ліпеня – дзень падпісання Пагаднення аб замірэнні і стварэнні дэмілітарызаванай зоны між Паўночнай і Паўднёвай Карэяй – у КНДР гэта грандыёзнае свята Перамогі ў Айчыннай вайне, прынцыпова важнае для дзяржаўнай ідэалогіі – «Чучхэ».

«Гэта вялікі знак магутнасці рэжыму, які здолеў выстаяць у барацьбе супраць усяго свету», – тлумачыць логіку святкавання кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.

Сёлета, на 70 гадоў так званай перамогі КНДР у Пхеньян завіталі высокія госці – чалец Палітбюро Камуністычнай партыі Кітаю Лі Хун Чжун і расейскі міністр абароны. Кім Чэн Ын асабіста паказаў Сяргею Шайгу выставу зброі, у тым ліку ўзор міжкантынентальнай балістычнай ракеты – бамбіць Амерыку.

«Шайгу называлі “таварышам”, што нязвыкла, бо чыноўнікаў у капіталістычнай Расеі таварышамі не называюць», – адзначае вядучы навуковы працаўнік універсітэту Кунмін(Сеул) Фёдар Цярціцкі.

Большасць аналітыкаў упэўнена кажа, што Шайгу паехаў у КНДР за ўзбраеннямі – перадусім снарадамі савецкага калібру 152 мм.

Міністр абароны РФ Сяргей Шайгу з лідарам Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам.
Фота: Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва КНДР. Крыніца: briefsmi / Telegram

«У Паўночнай Карэі насамрэч існуе вялікая вытворчасць такіх снарадаў, артылерыя заўжды адыгрывала вялікую ролю ў Карэйскай Народнай Арміі, што бачна з яе дактрыны і структуры яе камандавання», – нагадвае Фёдар Цярціцкі.

Карэйска-расейскі гандаль зброяй яшчэ летась зафіксавала выведка ЗША. Пра карэйскіх баевікоў на баку Расеі пакуль не кажуць. Хаця ў КНДР больш салдат, чым ва ўсіх Узброеных сілах Расеі. Бо служаць карэйцы па 10 гадоў. Амаль усе рэсурсы краіны ідуць на гонку ўзбраенняў – то бок там літаральна «гарматы замест масла». На вечар прызначаны грандыёзны святочны парад войскаў і тэхнікі, куды запрасілі і Шайгу.

«Разам з працоўным калектывам я пакланілася нашаму вялікаму правадыру таварышу Кім Ір Сэну і нашаму вялікаму правадыру таварышу Кім Чэн Іру, якія нас абаранілі і далі нам сённяшняе шчаслівае жыццё», – заявіла журналістам жыхарка Пхеньяну Пак Ёнг Сіл.

Такія святочныя цырымоніі – неабходны складнік амаль рэлігійнага культу Кім Чэн Ына і ягоных продкаў-правадыроў. Ён афіцыйна мае тытулы «Генія сярод геніяў» у ваеннай стратэгіі, Новай зоркі і Бліскучага таварыша. Кім Чэн Ын апошнія гады ставіць сябе асабіста на першае месца, але, як і дзед, і бацька, ён ездзіць па ўсёй краіне, і вучыць токараў, як правільна тачыць гайкі, а сялянаў, як правільна каровам хвасты круціць.

«У Паўночнай Карэі ёсць гэты складнік: захаванне ўлады сям’і Кімаў і тых, хто атачае гэтую сямʼю. Але там ёсць сапраўды моцная ідэалогія, якая аформіла гэтую дзяржаву і асаблівасць гэтай дзяржавы: ідэалогія “Чучхэ”», – тлумачыць адрозненні ад Беларусі кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.

«Чучхэ» азначае літаральна «апора на ўласныя сілы», з максімальнай забаронай усяго імпартнага.

Чым больш таталітарна афармляюцца дыктатуры ў Расеі і Беларусі, тым больш у жыцці беларусаў паўночнакарэйскіх практыкаў. Мілітарызацыя, інфармацыйная блакада, пераробка гісторыі пад ідэалогію, ды дзяржаўная ідэалогія паўсюль, дзе можна.

«Паўночная Карэя скрайне нацыяналістычная краіна. Ідэалогія скрайне нацыяналістычная, у адрозненне ад Беларусі. Мы бачым, што карэйцы падаюцца як вялікая нацыя, вялікі народ, які можа супрацьстаяць усяму свету. А ў нас такога не можа быць, таму што ў нас ёсць старэйшы брат па вызначэнню. І мы да яго шчыльна прычэпленыя», – нагадвае Яўген Красулін.

Як мяркуе кандыдат гістарычных навук, рэжым Пуціна абавязкова ўцягне рэжым Лукашэнкі ў больш цесныя стасункі з КНДР.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»