Лукашэнка: «Будзе незадаволенасць людзей і паўторым тое, што было пры распадзе Савецкага Саюзу»


З-за адсутнасці харчоў і пральнага парашка распаўся Савецкі Саюз – нагадаў сёння Аляксандр Лукашэнка чарговай дэлегацыі маскоўскіх гасцей і абяцаў, што Беларусь выканае ўзятыя на сябе абавязацельствы па імпартазамяшчэнні. На фоне размоваў пра новыя вытворчасці – не цешыць сітуацыя на старых. Паводле Белстату да траўня рэальныя заробкі беларусаў упалі на 5,7%.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Наступствы вайны і санкцыяў адчулі прадстаўнікі беларускай галіны высокіх тэхналогіяў. Рэальныя заробкі там у першыя 5 месяцаў зменшыліся на 21,7 %. Падзенне (пасля сакавіцкага росту) курсу еўра і долара, да якіх прывязаныя выплаты ў рублях – толькі адна з прычынаў, ананімна распавёў IT-адмысловец. Другая:

«Шмат людзей сур’ёзнага ўзроўню, то бок больш высокага, зʼязджаюць. То бок новыя, якія прыходзяць у галіну, безумоўна маюць невялічкія заробкі. І калі нават прыток новых людзей з іншых сфер у IT ідзе, то ён кампенсуецца акурат адтокам тых, хто зарабляе нашмат больш. Таму сярэдні заробак можа падаць».

Сёлета да пачатку вайсковай агрэсіі Расеі, у якую ўцягнутая Беларусь, плынь ахвочых рэлакавацца айцішнікаў ішла на спад. Пасля 24-га лютага многія прадстаўнікі індустрыі – рэзервісты ва ўзросце да дваццаці сямі гадоў – атрымалі позвы з ваенкаматаў, як і іншыя беларусы.

«Хутчэй за ўсё яны былі стандартныя, як кажа Мінабароны, што гэта была такая рэгулярная працэдура. Але ж вы разумееце, што на такім фоне гэта зрабіла велізарную хвалю тых, хто ўцякаў вось проста каб не заграблі ў войска», – кажа IT-адмысловец.

Сярэдні налічаны заробак беларуса ўсё адно ўтрая ніжэйшы, чым заробак «айцішніка» – тысяча пяцьсот семдзесят тры рублі. Без уліку інфляцыі сёлета ў пятым месяцы ён вырас амаль на 10,8 % (калі параўнаць з траўнем 2021 года). У рэальным выразе – знізіўся на 5,7 %.

Найбольш адчувальна заробкі паменелі ў нафтахіміі, кажа эканаміст Аляксей Харкевіч:

«Перадусім таму, што санкцыі ўвялі (супраць прадукцыі – заўв. рэд.) гэтых галінаў. І самыя для нас маржынальныя рынкі – адпалі. Тое самае нафтаперапрацоўка. Раней НПЗ пастаўлялі ва Украіну».

Паводле эксперта, інфляцыйны ціск у летнія месяцы спадзе дзякуючы больш танным сезонным харчам. У апошнім квартале года адчуем рэальныя наступствы санкцыяў, уведзеных за ваенную агрэсію. Але ў цэлым інфляцыя і золатавалютныя рэзервы не перакрочаць чырвонай рысы – кажа эканаміст.

Аляксандр Лукашэнка акцэнты расстаўляе зусім інакш:

«Мы ў поўным абʼёме сёння запатрабаваныя на расейскім рынку. Сёння пытанне не стаіць, як прадаць. Сёння пытанне стаіць, як задаволіць попыт нашай Расеі – вялізнай дзяржавы – па тых таварах, якія мы выпускаем».

Лукашэнка заявіў, што дамовіўся з Пуціным пра тое, што Беларусь узялася за 10 кантрактаў па імпартазамяшчэнні для Расеі і яшчэ з пяць – па вытворчасці з расейскіх камплектуючых – для вонкавага рынку. І рэзюмаваў, што калі не атрымаецца – «будзе незадаволенасць людзей і паўторым тое што было пры распадзе Савецкага Саюзу».

Юлія Цяльпук, «Белсат»