У Міністэрстве адукацыі вырашылі адмовіцца ад выпускных экзаменаў, замест іх школьнікі будуць здаваць ЦТ


Адмовіцца ад выпускных экзаменаў для адзінаццацікласнікаў вырашыла Міністэрства адукацыі. Сёлета іспыты пройдуць, але налета замест іх будзе цэнтралізаваны экзамен. Ён будзе складацца з матэматыкі ды адной з дзяржаўных моваў – на выбар… Пасля гэтага выпускніка чакае яшчэ і цэнтралізаванае тэставанне. Якая асноўная ідэя закладзеная ў новаўвядзенні Міністэрства адукацыі ды ці спросціць яна жыццё выпускнікам?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Два дні да апошняга званка. Для 11-класнікаў ён будзе самым апошнім. Пасля – выпускныя экзамены па асноўных прадметах. Выпускніца 20-га года – мянчанка Таццяна ананімна распавяла, як яны праходзяць.

«У нас гэта праводзяць нашыя ж настаўнікі ў сваіх кабінетах. У сваіх класах усе адно аднаму дапамагаюць, выдатнікаў падцягваюць, усім усё падкажуць, на спісванне лішні раз заплюшчаць вочы».

Налета выпускнікі 11-ых класаў не будуць здаваць традыцыйных экзаменаў. Мінадукацыі ўводзіць травеньскі Цэнтралізаваны экзамен, які ў іх будуць прымаць па-за школаю па двух прадметах: матэматыка і мова – расейская ці беларуская – на выбар.

«Базавыя веды, якімі мае валодаць чалавек – гэта гісторыя, мова, культура. Матэматыка ў гэтыя абавязковыя веды не ўваходзіць. Школа дастаткова дае базавых навыкаў ледзь не ў пачатковай школе: дробу, адсоткі, вусны лік», – узгадвае нядаўняя выпускніца Таццяна.

Такім чынам, у 2023-ім годзе пазбегчы сур’ёзнага іспыту па матэматыцы і адной з моваў будзе не магчыма. Сёлета – яшчэ ўдасца, паколькі іх можна абмінуць у Цэнтралізаваным тэставанні. Супакойвае, што сертыфікат цэнтралізаванага іспыту можна будзе падаць пры паступленні ў ВНУ замест выніку тэставання, калі матэматыка ці мова – у спісе патрэбных па абранай спецыяльнасці.

Яшчэ адметна, што давезці дзяцей да месца правядзення агульнага экзамену – будзе абавязкам школы, адзначае кіраўнік праекту «Народны падручнік» Сяргей Альшэўскі:

«Як школа гэта будзе рабіць? У бюджэтах школ ёсць на гэта грошы? Хто будзе адказваць за перавозку дзяцей? Мы ведаем, што такая перавозка – гэта асобная працэдура, якая вымагае ўзгаднення з ДАІ», – кажа эксперт.

Сяргей Альшэўскі звярнуў увагу, што агульны экзамен будуць здаваць толькі выпускнікі 11-га класу ў школе. Навучэнцы ПТВ ці сярэднеспецыяльнай навучальнай установы, якія ў яе межах сканчаюць школьную праграму, здаваць адзіны экзамен не будуць.

«На мой гэта супярэчыць патрабаванням змененага кодэксу аб абавязковасці агульнай сярэдняй адукацыі як мінімум з таго боку, што выпускнікі прафтэху не будуць здаваць адзіны экзамен. То бок мы прафтэх вышэй ставім, чым школьнікаў? Няроўныя ўмовы?» – пытаецца Сяргей Альшэўскі.

Замест дыскрымінацыі часткі дзяцей і дадатковага стрэсу эксперт прапануе прыйсці да адзінага экзамену і адмовіцца ад Цэнтралізаванага тэставання ў сённяшнім выглядзе.

Арцём, які скончыў школу ў 20-ым годзе, узгадвае адметнасці ТЦ:

«Адносна абʼектыўнасці там сапраўды ёсць праблемы. Было шмат выпадкаў, калі прыходзілі настаўнікі і дзеля цікавасці тэставаліся. Самым папулярным быў кітайскі. Чалавек, які не ведае кітайскай, прыйшоў і здаў на 30 балаў. Як такое магчыма?», – смяецца Арцём.

Сёлетнія чатыры іспыты – дзяржаўная мова, замежная мова, матэматыка і гісторыя Беларусі – 11-класнікі пачнуць здаваць першага чэрвеня. Налета – гісторыя краіны і замежная мова застануцца за бортам.

Юлія Цяльпук, «Белсат»