Экс-прэзідэнта Казахстана Назарбаева плануюць пазбавіць статусу і прывілеяў «Лідара Нацыі»


Улады рыхтуюць папраўкі ў Канстытуцыю, якія выключаць норму пра тое, што першага прэзідэнта і найбліжэйшых чальцоў ягонай сям’і нельга прыцягваць да крымінальнай адказнасці.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Замест статуса елбасы – лідара нацыі – былы прэзідэнт і пенсіянер Нурсултан Назарбаеў. Вызваляючы прэзідэнцкі фатэль, Назарбаеў у Канстытуцыі ды ў Законе аб першым прэзідэнту пакінуў сабе права ўмешвацца ў кіраванне краінаю. Новыя ўлады забіраюць і гэтае права і іншыя прывілеі, якія давалі недатыкальнасць Назарбаеву ды ягонай сям’і.

«Гэта можна растлумачыць тым, што такаеўскі, я не магу сказаць, што гэта клан, але такаеўскія ініцыятывы фармуюць вакол яго групу людзей, якія паступова пачынаюць забіраць уладу ў свае рукі», – кажа праваабаронца Галым Агелеуаў.

Некаторыя чальцы сямʼі Назарбаева і людзі, набліжаныя да іх, ужо пазбавіліся сваіх пасадаў. Сенат пакінула дачка елбасы Дарыга Назарбаева, а сярэдні зяць, Цімур Кулібаеў, пазбавіўся адразу некалькіх месцаў службы. Але гучныя адстаўкі ды арышты не выклікаюць цікавасці ў грамадстве. За 30 гадоў кіравання Назарбаева ўлада максімальна аддалілася ад народу. Цяперашні прэзідэнт Жамарт Такеў дэманструе спробы наладзіць дыялог.

«Стадыя дыялогу бясспрэчна наступіла, і ён вельмі актыўны. Прычым ён актыўны на розных узроўнях. Ствараецца механіка, ствараюцца магчымасці грамадзянам нешта пісаць на дзяржаўных сайтах, у чымсьці ўдзельнічаць. Ствараюцца розныя пляцоўкі ды структуры накшталт грамадскіх радаў», – лічыць праваабаронца, юрыст Яўгеній Жоўціс.

Можна назіраць і адлігу ў рэпрэсіўных механізмах. Генпракуратура Казахстану заявіла пра асуджэнне 243 асобаў, якія бралі ўдзел у студзеньскіх пратэстах. Садзяць кожнага дзясятага, астатніх – штрафуюць. На лаве падсудных і дзевяць паліцыянтаў – падчас пратэстаў сілавікі забілі больш за дзвесце чалавек, а затрыманых пратэстоўцаў катавалі. Аднак праваабаронцы не вераць у абʼектыўнасць правасуддзя.

«Няма ніводнага пакуль асуджанага за катаванні. Працэсу прыцягнення за расстрэл пакуль не адбываецца», – адзначае праваабаронца Галым Агелеуаў.

Праваабаронцы ўпэўненыя, што ўлада будзе абараняць сілавікоў. Калі іх і асудзяць, то не за забойства пратэстоўцаў, а за перавышэнне паўнамоцтваў.

Ігар Віняўскі, «Белсат»