Расея ўначы абстраляла Кіеўскую вобласць і Хмяльніцкі


Ноччу 27 лютага ва Украіне была аб’яўленая паветраная трывога ажно на пяць гадзінаў. Пад расейскія абстрэлы трапілі адзінаццаць рэгіёнаў Украіны. Згодна са звесткамі абласных вайсковых адміністрацыяў, ёсць забітыя і пацярпелыя, парушаныя будынкі. «Адчувалася нейкая хаатычнасць, непадрыхтаванасць, – пракаментаваў начны абстрэл вайсковы эксперт і былы працаўнік Службы бяспекі Украіны Іван Ступак. – Звычайна беспілотнікі ўжываюць для таго, каб выявіць нашую супрацьпаветраную абарону, каб зразумець, дзе што знаходзіцца, дзе што хаваецца. Як толькі мы сябе паказваем – ляцяць ракеты. І расейцы спрабуюць знішчыць нашыя сістэмы СПА або неяк абысці злева ці справа».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

9 «шагэдаў» з 11-ці былі збітыя ў ваколіцах Кіева. Расейцы нанеслі тры ўдары па Хмяльніцкім. Там адзін чалавек загінуў, ёсць параненыя. Пад начны абстрэл трапіла і Запарожжа, там пашкоджаныя некалькі будынкаў.

Расейскія ракеты прыляцелі ў Мірнаград, Нікольскае, Бахмут, Вуглядар, Салядар.

За Бахмут працягваюцца цяжкія баі. Горад амаль знішчаны.

«Але нават калі ўявіць, што расейскае войска здолее ўзяць Бахмут нават сёння, напрыклад, – то гэта не прывядзе ні да якога пералому на фронце. Наступная абаронная пазіцыя будзе проста на наступным кіламетры за Бахмутам. І ім давядзецца зноў месяцы і месяцы біцца галавою, знішчаючы там жаўнераў», – мяркуе Міхаіл Самусь, дырэктар «New Geopolitics Research Network».

Тым часам прарасейскія калабаранцкія «ўлады» з акупаванай Херсонскай вобласці Украіны паціху ўцякаюць у Крым.

«Добраахвотную эвакуацыю» прапанавалі ўсім мясцовым жыхарам, хто пажадае. Не дзіва, што пацукі бягуць з дзіравага чоўну, дзіўна, што ім дазваляюць такое, – адзначыў Іван Ступак. І дадаў, што гэта, імаверна, нейкі часовы рух. – Мне здаецца, іх адпускаць не будуць. Гэта як смяротнікі, іх да апошняга будуць трымаць. На іх пасля абрынецца ўвесь гнеў народны».

Сітуацыя на фронце цяжкая, але не небяспечная для ЗСУ. Тым болей, што пасля нядаўняга пасяджэння кантактнай групы «Рамштайн-9» Украіна чакае чарговае ўзмацненне вайсковаю тэхнікаю: танкамі, баявымі машынамі пяхоты і сістэмамі супрацьпаветранай абароны. Таму Старшыня Луганскай ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай нагадаў, што «у любы тыдзень, калі ваеннае камандаванне палічыць правільным, то можа зрабіць якую-небудзь аперацыю».

І ў той жа час украінскія медыі паведамляюць пра тое, што Уладзімір Зяленскі вызваліў ад пасады Эдуарда Маскалёва, камандуючага аперацыяй абʼяднаных сілаў на Данбасе. Але гэта – не звальненне. Генерал Маскалёў цяпер працуе на Адэскім кірунку.

Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі Украіны Аляксей Данілаў у інтэрвʼю радыё «Свабода» патлумачыў, чаму Украіна дагэтуль не разарвала дыпламатычных адносінаў з Менскам. Маўляў, такім чынам яны спадзяюцца стрымаць Лукашэнку ад загаду беларускаму войску рушыць на ўкраінскую тэрыторыю.

Марына Яновіч, «Белсат»