Будуць шукаць сабатажнікаў і здраднікаў – прыхаваная рэакцыя Лукашэнкі на авіяўдар


27-га лютага Аляксандр Лукашэнка спачатку правёў нараду, прысвечаную вайскова-прамысловаму комплексу. А потым на больш вузкай нарадзе з камандаваннем КДБ, Памежнага камітэту, міліцыі ды войскаў Лукашэнка запатрабаваў карыстацца людзьмі ў пагонах для больш шчыльнай аховы мяжы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта міліцыя, КДБ, вайскоўцы – мы ўсе мусім бачыць на рубяжах нашай краіны любую найдрабнейшую агрэсіўнасць адносна нашай дзяржавы», – загадваў Лукашэнка.

А таксама запатрабаваў навесці парадак унутры сілавых структураў:

«Яшчэ раз хачу запатрабаваць ад вас найжорсткай дысцыпліны ў вайсковых падраздзяленнях МУС і КДБ. Найжорсткай дысцыпліны!»

Цяпер у Міністэрстве абароны працягваюць шукаць нелаяльных вайскоўцаў, такіх, як палітвязень Дзяніс Урад. Капітан Генштабу быў асуджаны на 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за здраду дзяржаве. А канкрэтна за тое, што сфатаграфаваў сакрэтны ліст ад міністра ўнутраных справаў міністру абароны аб ужыванні вайскоўцаў супраць пратэстоўцаў.

«Такіх справаў было каля 10 па Міністэрству абароны. Яны ўсё гэта называлі “за здраду радзіме”. Гэта людзі, якія дзяліліся інфармацыяй», – нагадвае Сяргей Бульба з грамадскай арганізацыі «Беларусь 2.0. Робім разам!»

З гэтай жа прычыны Міністэрства абароны Лукашэнкі будзе шукаць здраднікаў і сабатажнікаў у межах новай канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, распрацаванай адмысловаю міжведамаснаю групай. Да дзяржаўных пагрозаў залічаць і арганізацыі, якія заклікаюць да грамадзянскай вайны ў Беларусі, заявіў прадстаўнік Генштабу.

«З’явіліся такія суб’екты, як здраднікі, сабатажнікі, якія наносяць сваімі дзеяннямі ці бяздзеяннем непасрэдную шкоду вайсковай бяспецы РБ», – тлумачыў у эфіры дзяржаўнага тэлебачання Арцём Буторын з Генеральнага штабу Узброеных сілаў Лукашэнкі.

Абноўленая канцэпцыя нацыянальнай бяспекі ўлічвае пераслед грамадзянаў нават не за дзеянні, а за намеры ды інтарэсы супраць існага палітычнага рэжыму.

«Звычайна рэпрэсіўная сістэма Беларусі працуе так, што яны знаходзяць новыя формы рэпрэсіяў і падаўлення, а потым легалізуюць у заканадаўстве праз розныя змены Крымінальнага і Адміністратыўнага кодэксаў. Ці зараз уносяць такую норму ў канцэпцыю Нацыянальнай Бяспекі», – тлумачыць каардынатар Офісу Святланы Ціханоўскай у міжнароднай дапамозе Андрэй Ягораў.

На практыцы рэпрэсіўныя органы абвінавачваюць беларусаў у спрыянні нацызму, у падрыве стабільнасці праз каментары ў інтэрнэце і гэтак далей.

«Яны баяцца амаль усяго: каментароў у інтэрнэце, тэлеграм-групаў, грамадскіх арганізацыяў у Беларусі, збораў веласіпедыстаў, каліноўцаў, падрыхтоўкі групаў за мяжой, дыверсіяў, партызанаў, рэйкавых партызанаў. То бок баяцца любой актыўнасці, скіраванай на выяўленне нязгоды беларускага грамадства з існай палітычнай сістэмай», – кажа Андрэй Ягораў.

Да замежных пагрозаў дзяржаве прадстаўнік Генштабу Арцём Буторын аднёс міжнародныя тэрарыстычныя арганізацыі. Цяпер у спісе асобаў, датычных да тэрарызму, абсалютная большасць: палітычныя праціўнікі Аляксандра Лукашэнкі ад Сцяпана Пуцілы да Святланы Ціханоўскай.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»