Як выглядаюць «беларускія» бургеры ў былым «Макдоналдсе»


Без вядомага брэнду, але з нацыянальным каларытам. У рэстаранах былой сеткі хуткага харчавання «Макдоналдс» з’явіліся асаблівыя беларускія стравы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гамбургер, чызбургер, бульба фры. Гэтыя стравы знаёмыя кожнаму, хто хоць аднойчы бываў у сетцы рэстаранаў хуткага харчавання Макдоналдс. Рэстараны брэнду прадстаўленыя больш як у 120-ці краінах свету. Часта да стандартнага меню дадаюцца і стравы з нацыянальным каларытам. Цяпер не выключэнне і Беларусь.

Да калядных святаў у меню беларускай сеткі вядомай франшызы зʼявіліся некалькі незвычайных пазіцыяў. Гасцям прапануюць пакаштаваць курыны «Панскі» бургер і бургер «Шляхецкі», з катлетаю з ялавічыны і квашанаю капустаю. Традыцыйную бульбу фры цяпер прыпраўляюць чаборам і каляндраю. Ёсць навінкі і сярод напояў: канкурэнцыю «Кока-коле» паспрабуюць скласці ўзварамі з абляпіхаю ці журавінамі. Адказным за гэткую «беларусізацыю» амерыканскага фаст-фуду стаўся славуты шэф-кухар Аляксандр Чыкілеўскі, які акурат і спецыялізуецца на традыцыйнай беларускай кухні. Ці даспадобы новыя стравы беларусам?

«Паспеў пакаштаваць. Бургеры вельмі нават нядрэнныя, квашаная капуста не адчуваецца, хоць гэта, магчыма, з-за якасці зборкі канкрэтна нашага бургера».

«Я была вельмі галодная, таму мне зайшло. Болей сказаць няма чаго».

«Пакаштаваў адразу ўсё беларускае меню. Усё выдатна, акрамя ўзвараў. Яны такія сабе, на аматара. Без належнай колькасці цукру вельмі не вельмі».

Дадаванне да стандартнага меню «Макдоналдсу» нацыянальных страваў – даўняя традыцыя сеткі. Гэтак, у Партугаліі ды Іспаніі наведнікам прапануюць пакаштаваць супы, у Інданезіі – нацыянальную кашу бубур-аям, а на Філіпінах – «макспагецці» з курыцаю. Новаўвядзенні ў меню беларускай сеткі пры гэтым адбыліся пасля спробаў змены франшызы.

У пачатку лістапада паведамлялася, што брэнд «Макдоналдс» спыняе працу ў Беларусі ды ідзе з рынку. Рэстараны сеткі планавала заняць расейская сетка «Вкусно – и точка», аднак у справу ўмяшаўся Лукашэнка, які запатрабаваў, каб на месца амерыканскай карпарацыі прыйшлі  «айчынныя вытворцы».

Сярод прапановаў у перафарматаванні рэстаранаў гучалі і незвычайныя. Гэтак, Наталля Качанава прапанавала зрабіць з «Макдоналдсу» сетку бульбяных. У выніку франшыза працягнула працаваць фактычна без назвы і брэнду. З рэстаранаў знік славуты лагатып у выглядзе літары «М», а сайт кампаніі цяпер называецца ў гонар аператара франшызы, кампаніі «КСБ Віктары Рэстараны», звязанай з сямʼёй былога прэзідэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева.

Замянілі і назвы страваў у меню беларускага экс-макдоналдса. Цяпер сярод іх зʼявяцца і беларускія назвы.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»