Год таму ўлады закрылі Чырвоны касцёл


У Чырвоным касцёле дагэтуль пануе цішыня. Роўна год ні вернікі, ні святары не могуць трапіць у храм. І роўна год, як чыноўнікі быццам праводзяць унутры рамонтныя працы, каб аднавіць памяшканне, пашкоджанае агнём.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Там нічога не адбываецца. Гэтая справа замарожаная. Там ад самага пачатку нічога не адбывалася. Нават той інцыдэнт з вогнішчам, які адбыўся год таму, гэта фэйк. Так, сапраўды, было нейкае невялічкае ўзгаранне. Відавочна, нейкая вадкасць была ўкінутая», – распавяла мадэратарка «Хрысціянскай візіі» Наталля Васілевіч.

Пасля інцыдэнту ў сеціве з’явіліся фотаздымкі выбітага акна ў касцёле, а ахоўнікі з будынку насупраць казалі, што бачылі ўначы кагосьці каля святыні. Аднак усе запісы з камераў відэаназірання сілавікі забралі. А паводле афіцыйнай версіі, у храме не вытрымала электраправодка. І пакуль усіх камунікацыяў не адновяць, карыстацца касцёлам чыноўнікі забаранілі.

«Яны адмыслова выбралі такі несапраўдны інцыдэнт, каб не трэба было тлумачыць ніякіх прычынаў. Захацелі – таму закрылі. Захацелі – таму забралі. Захацелі – таму не пушчаюць», – мяркуе Наталля Васілевіч.

У 2020 годзе ў сценах Чырвонага касцёлу гучалі словы супраць гвалту і рэпрэсіяў пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. А напрыканцы жніўня мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч асудзіў дзеянні сілавікоў, калі тыя заблакавалі ў храме каля ста пратэстоўцаў. Рэжым быццам заплюшчваў на тое вочы.

«Касцёлы працавалі і будуць працаваць. Бо малітва, вернікі, шлях да храму – для мяне святое», – казаў Лукашэнка ў верасні 2020-га.

Летась жа ў сакавіку ў Чырвоным касцёле адбылася малітва за мір ва Украіне, у якой удзельнічаў ўжо былы ўкраінскі амбасадар у Беларусі Ігар Кізім.

«Я думаю, што гэта ўсё запала рэжыму і ён захацеў так адпомсціць каталікам, адпомсціць каталіцкаму касцёлу за гэтую праяву вольнай думкі. Ну, а Чырвоны касцёл зʼяўляецца візітоўкай Менску, ён добра знаёмы ва ўсёй краіне і за межамі», – мяркуе журналіст «Белсату», былы міністрант у Чырвоным касцёле Вітаўт Сіўчык.

Касцёл святых Сымона і Алены. Менск, Беларусь. 13 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Вернікі ў спадзеве вярнуць касцёл працягваюць пісаць звароты да чыноўнікаў. Чарговы з іх напярэдадні гадавіны закрыцця святыні яны накіравалі ў Адміністрацыю Лукашэнкі. Сустрэцца ж з каталікамі чыноўнікі не пажадалі. Маўляў, такая сустрэча немэтазгодная.

«Мяне асабіста абурае як каталіка, што ў справе Чырвонага касцёлу не чуваць голасу сусветнай іерархіі. Калі мы кажам пра Ватыкан, калі мы кажам пра Рым. Ведаем, што вернікі пісалі туды нават лісты. І пакуль што гэтая справа не зрушыла з месца», – адзначыў Вітаў Сіўчык.

Супраца ж не спыняецца. Напрыканцы мінулага года афіцыйны Менск і Ватыкан урачыста адзначылі 30-годдзе ўсталявання дыпламатычных дачыненняў і выпусцілі адмысловую паштовую марку. А сёлета міністр замежных справаў Сяргей Алейнік неаднаразова сустракаўся з апостальскім нунцыем Антэ Ёзічам.

«Ватыкан глядзіць на гісторыю, на гістарычныя працэсы працягла. Бо Ватыкану столькі гадоў ужо. Палітычныя рэжымы змяняюцца, палітыкі змяняюцца. А вось незалежнасць застаецца. Таму гэты момант (я так бачу): Ватыкан падкрэслівае асобнасць і незалежнасць Беларусі», – распавёў каталіцкі вернік Арцём Ткачук.

Роўна год, як пробашч Чырвонага касцёлу Уладзіслаў Завальнюк штодня абыходзіць замкнёны будынак з малітваю. Хадзілі чуткі, што менавіта ягонае адхіленне было галоўнаю ўмоваю вяртання святыні вернікам. На думку Вітаўта Сіўчыка, яны маюць падставы. Але замкнёныя дзверы касцёлу сведчаць пра тое, што на згоду з рэжымам ніхто не пагадзіўся.

Ірына Юрʼева, «Белсат»