Якімі сталіся наступствы чарнобыльскай катастрофы?


Нягучная чарнобыльская акцыя прайшла ў Вільні. Святлана Ціханоўская разам з паплечнікамі і дыпламатамі шэрагу краінаў усклалі кветкі да помніку «Маці Чарнобыля» ў віленскім парку Сапегаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта даніна павагі перш за ўсё, я перакананая што большасць беларусаў і ўкраінцаў з’яўляюцца ахвярамі чарнобыльскай катастрофы і адчуваюць наступствы, прымаюць усё жыццё таблеткі, памятаюць пра гэта», – сказала пасля акцыі абраная прэзідэнтка Беларусі.

У Менску ж на канферэнцыях, прысвечаных 38-ай гадавіне чарнобыльскай катастрофы, чыноўнікі выдаюць аптымістычныя справаздачы.

«Адраджэнне ўжо адбылося, яно ўжо адбылося, там жывуць людзі паўнавартасным жыццём. Нічым жыццё не адрозніваецца ад іншых рэгіёнаў», – заявіў прадстаўнік «Дзяржатамнагляду» Дзмітрый Паўлаў.

Лічбы паказваюць, што насамрэч адрозніваецца. Падчас міжнароднага медычнага форуму «Ахова здароўя Беларусі-2024» апублікавалі статыстыку захворванняў са злаякаснымі ўтварэннямі. Сумны лідар сярод рэгіёнаў Беларусі – найбольш пацярпелая ад Чарнобылю Гомельшчына. На сто тысячаў насельніцтва тут фіксуюць 646,7 выпадкаў анкалогіі амаль на 30 больш як у сярэднім па краіне (620) і на паўсотні больш як на Берасцейшчыне з найніжэйшым паказнікам 592,7.

«На сённяшні дзень у зонах радыеактыўнага забруджвання размешчана больш за 2 тысячы населеных пунктаў, калі быць больш дакладным – 2022 населеных пункта, дзе пражывае каля 930 тысяч чалавек, з іх 185 тысяч – дзеці», – назваў лічбы першы намеснік начальніка «Дзяржатамнагляду» Леанід Дзедуль.

Ільготы жыхарам радыеактыўнай зоны пачалі скарачаць з прыходам да ўлады Лукашэнкі – ад безадсоткавых крэдытаў і датацыяў на перасяленне да бясплатных лекаў, праезду ў транспарце і зніжак на камунальныя паслугі. А ліквідатараў аварыі прыраўнялі да пацярпелых.

«У Беларусі – у мяне можа не апошнія, а перадапошнія звесткі – але жыве парадку 70 тысячаў ліквідатараў, якіх пазбавілі практычна ўсіх ільготаў. Я думаю, з тых, хто хварэлі на лучавую хваробу, засталіся адзінкі, якія могуць карыстацца гэтымі надбаўкамі», – пракаментавала афіцыйныя заявы экалагічная актывістка, сябра кіравання «Экадому» Ірына Сухій.

Скарачаецца і чарнобыльская зона. Спіс брудных тэрыторыяў пераглядаюць раз на пяць гадоў. Паводле чыноўнікаў, за пасляаварыйны перыяд тэрыторыю, забруджаную радыеактыўным цэзіем, зменшылі амаль удвая, цяпер яна складае 25,5 тысяч квадратных кіламетраў або восьмую частку тэрыторыі краіны.

Чарнобыльская атамная электрастанцыя.
Фота: wikipedia.org

«Як яна можа стаць менш забруджанай, калі перыяд распаду і паўраспаду шмат якіх элементаў – гэта тысячы гадоў? І, на жаль, гэта тэндэнцыя, што землі, якія былі забруджаныя, пераводзяцца ў сельскагаспадарчае выкарыстанне. Гэта вельмі шкодная тэндэнцыя», – кажа менеджарка «Экадому» Карына Салавей.

Паводле афіцыйных звестак, прынамсі 600 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў працуюць сёння на забруджаных тэрыторыях.

Але пасля аварыі частка радыенуклідаў зафіксавалася хімічнымі рэакцыямі на пэўнай глыбіні ў глебе, тлумачыць хімік Сяргей Бесараб. Пры выкарыстанні забруджаных земляў у сельскай гаспадарцы ці будаўніцтве радыенукліды ўздымаюцца ў паветра.

«Шмат якія кліматолагі і метэаролагі кажуць, што ў Беларусі з-за змены клімату вельмі пашырылася колькасць пылавых бур і іх магутнасць, асабліва на поўдні. Зараз гэта ўсё будзе ўздымацца ў паветра і несціся ў лёгкія людзей нашых. Гэта асноўная, на мой погляд, небяспека, якая зараз існуе», – кажа Сяргей Бесараб.

З наступствамі чарнобыльскай аварыі беларусам жыць і змагацца яшчэ шмат гадоў, але лукашэнкаўскія ўлады пабудавалі яшчэ і Беларускую атамную станцыю, да праекту і дзейнасці якой застаецца шмат пытанняў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»