Беларускіх вайскоўцаў могуць адправіць ваяваць ва Украіну


Беларускіх вайскоўцаў тэарэтычна могуць адправіць ваяваць ва Украіну – пра гэта стала вядома з новай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. Адпаведныя дакументы прынялі падчас Усебеларускага народнага сходу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Глабальнае супрацьстаянне паміж Захадам і Усходам перайшло ў гарачую фазу. Непасрэдна каля нашых межаў развязаны ваенны канфлікт, які можа стаць вырашальным для далейшага светаўладкавання», – адзначыў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін.

Паводле пастановаў, цяпер айчынная армія можа браць удзел ва ўзброеных канфліктах за межамі краіны, а таксама надаваць дапамогу сяброўскім дзяржавам.

«Пэўныя трансфармацыі могуць адбывацца, і Пуцін зможа самаабвешчанага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь праз той ці іншы спосаб прымусіць далучыць армію Рэспублікі Беларусь да рэалізацыі тых ці іншых баявых місіяў на тэрыторыі Украіны. Але ж ёсць абсалютна дакладнае разуменне таго, што ўкраінская армія і яе кампаненты цяпер напагатове», – кажа вайсковы аглядальнік Уладзіслаў Селязнёў.

Таксама дакумент тлумачыць выпадкі, пры якіх Беларусь можа распачаць вайну. Пасля вычарпання дыпламатычных рэсурсаў вайскоўцы, акрамя іншага, мусяць рэагаваць на размяшчэнне на тэрыторыях несяброўскіх краінаў стратэгічных сродкаў паражэння вялікай далёкасці. Да такіх адносяцца ракеты тыпу «Атакамс», якія, як мяркуецца, Злучаныя Штаты Амерыкі таемна даставілі Украіне.

«Што датычыць кампанентаў “Атакамс”, то гэтая зброя трапляе пад міждзяржаўныя дамовы між урадам Украіны і ўрадамі нашых заходніх партнёраў і будзе выкарыстоўвацца выключна па акупаваных тэрыторыях Украіны. Нават на еўрапейскую частку Расеі, паводле тых дамоваў, яны не паляцяць», – дадае Уладзіслаў Селязнёў.

Небяспека ж ідзе з боку Беларусі. Пакуль інфармацыйная. У Вільні зняпраўдзілі ўчорашнія словы Івана Церцеля пра літоўскія ўдарныя дроны, якія ляцелі ў Беларусь. І патрабуюць афіцыйнага зняпраўджання.

Праверка боегатовасці ў вайсковай частцы 3214
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Праверка боегатовасці ў вайсковай частцы 3214. Менск, Беларусь 19 кастрычніка 2023 года.
Фота: прэс-служба Унутраных войскаў МУС

А ў Кіеве эвакуююць два шпіталі. Прычына – іншы фрагмент выступу кіраўніка КДБ падчас усё таго ж Усебеларускага народнага сходу.

«Сярод тэрарыстаў і іх памагатых ёсць і забітыя і параненыя. Без сумневу, ўсіх іх спасцігне заслужаная кара, нават не гледзячы на ​​тое, што сваім логавам яны абралі кіеўскія лякарні па адрасе Багатырская, 30 і 32, дзе фактычна схаваліся за спінамі хворых дзяцей», – заявіў Іван Церцель.

Што ж да прынятай Ваеннай дактрыны, апроч тэрарыстаў, якія нібыта хаваюцца ў дзіцячых шпіталях, у спіс пагрозаў нацыянальнай бяспецы трапілі разгортванне ля беларускай мяжы воінскіх фармаванняў ды «іншая дзейнасць», якую ўлады Беларусі палічаць рыхтаваннем да нападу.

Асобным пунктам небяспекі вызначылі ўнутраныя ўзброеныя канфлікты на тэрыторыі краінаў-саюзніц. Цяпер беларускіх вайскоўцаў могуць скіраваць залагоджваць і іх.

«Лукашэнка заявіў, што акрамя 2-х адкрытых дакументаў, якія сёння мы нарэшце можам прачытаць, прыняты трэці закрыты дакумент. І вось у гэтым закрытым дакуменце, сакрэтным, апісваюцца нейкія індыкатары, паводле якіх рэжым Лукашэнкі будзе вызначаць, ці існуе пагроза для Беларусі», – кажа аўтар і вядоўца праграмы «ПраСвет» на «Белсаце» Сяргей Пеляса.

Пры гэтым, паводле дакументаў, ужыванне вайсковай сілы з боку Беларусі будзе лічыцца крайняю захадаю.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»