Што вядома пра беды Чарнобыльскай АЭС пад саветамі і расейскімі акупантамі


36 дзён Чарнобыльская АЭС была пад расейскай акупацыяй. Разбураныя, абрабаваныя кабінеты, выкрадзеныя камп’ютары. Але не гэта найбольш хвалюе былога работніка ЧАЭС і адмыслоўца ў радыеактыўнай абароне Аляксандра Крупнага.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Тое, што засталося ад іх вакол станцыі і ў самой чарнобыльскай зоне. Вось гэта, на мой погляд, найбольш працаёмкая работа ў выяўленні пакінутых імі мінаў, нейкіх боепрыпасаў неразарваных».

Дайсці да катастрофы магло і ў момант, калі станцыю праз баявыя дзеянні абясточылі і спынілася ахалоджванне сістэмы захоўвання ядравага паліва. Вадкасць магла нагрэцца настолькі, што паднялася б радыеактыўная пара.

«Найгоршы варыянт – мог адбыцца паравы выбух, што знесла б дах – ХАЯТ быў бы пашкоджаны. Адбылося б забруджванне прамысловай пляцоўкі і найбліжэйшай зоны», – дапускае Аляксандр Крупны.

Але ЧАЭС вярнулася пад кантроль Украіны летась 31 сакавіка. Праз вайну праблемаю застаецца вываз ядравага паліва. Большая частка персаналу пераведзеная на скарочаны працоўны дзень. За мінулы год звольненыя 300 работнікаў.

37 год таму 70% усяго радыеактыўнага забруджвання прыйшлася на Беларусь. Былі задзеяныя 600 000 ліквідатараў. З іх каля 60 000 ужо памерлі і каля 165 000 зрабіліся інвалідамі. 10 000 чалавек захварэлі на рак шчытападобнай залозы, 15 000 немаўлятаў памерлі праз дэфармацыю плода, эвакуявалі 115 000 жыхароў чарнобыльскай зоны.

«Адбывалася перамешванне брудных і чыстых прадуктаў. Такім чынам насельніцтва менавіта Беларусі атрымала дастаткова вялікую агульную дозу», – распавядае лідар рух салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.

Ліквідатар Анатоль Зароўскі ахоўваў грамадскі парадак падчас адсялення з зонаў адчужэння. Ягоны атрад жыў і працаваў за 10 кіламетраў ад яе. Аднойчы ліквідатары пабачылі клубы пылу на полі:

«Падʼязджаем бліжэй – трактар. Трактар “Беларусь”цягне плугі. Мы да яго: “Ты што робіш?!” Потым пачалі высвятляць гэтую справу, і на сваю галаву высветлілі. Пакуль елі – было нястрашна. А як даведаліся – тое, што вырасла, мы спажывалі, елі, пілі тое, што было выраблена на месцы», – узгадвае прэзідэнт Фонду чарнобыльцаў Літвы Анатоль Зароўскі.

Гэткі вынік замоўчвання катастрофы савецкімі ўладамі. Яны ж тады не адмянілі першамайскіх дэманстрацыяў. Праз некалькі дзён пасля аварыі людзі масава выйшлі на вуліцы: не ведалі, што за вокнамі – паветра, забруджанае радыяцыяй з ЧАЭС.

«Першыя словы, якія былі сказаныя: адбылася невялікая тэхнічная аварыя. Невялікая тэхнічная, так?! А ў выніку аказваецца, што тысячы квадратных кіламетраў заражаныя, сотні тысячаў чалавек захварэлі ад радыяцыі і тысячы памерлі і яшчэ далей будуць паміраць», – распавядае Анатоль Зароўскі.

Паўнавартасна запратэставаць супраць замоўчвання ўдалося ў час перабудовы. Беларускі народны фронт «Адраджэнне» на чале з Зянонам Пазняком у 1989 годзе зарганізаваў першы «Чарнобыльскі шлях».

«Невыпадкова, што «Чарнобыльскі шлях» 96-га года, як і Дзень Волі, – гэта былі яшчэ і палітычныя крымінальныя справы супраць арганізатараў, бо Лукашэнка быў заўсёды антыбеларускі. І вось ягонае стаўленне да таго, што такое чарнобыльская катастрофа ў Беларусі, абсалютна адпавядала таму, што казалі камуністы з Масквы ў канцы 1980-х гадоў», – абураецца Вячаслаў Сіўчык.

Але «Чарнобыльскія шляхі» ўсё ж ператварыліся ва ўплывовы грамадскі рух. Гэтак, зʼявілася міжнародная дапамога: беларускіх дзяцей запрашалі на аздараўленне за мяжу, былі прынятыя законы для мінімізацыі наступстваў катастрофы.

Яна Шэк, «Белсат»