Зяленскі: Трэці год вайны будзе пераломны


Оляф Шольц выступіў супраць экспарту дальнабойных ракетаў «Таўрус». Паводле Нямеччыны, тое можа ўцягнуць краіну ў вайну з Расеяй. У той жа час прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заклікае Кангрэс абмеркаваць вайсковую дапамогу Украіне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Расейцы зноў расстралялі ўкраінскіх вайскоўцаў. Відэа з такім подпісам з’явілася ўвечары 25-га лютага ў тэлеграм-канале омбудсмана Украіны Дмытра Лубінца. На кадрах адна групоўка вайскоўцаў з адлегласці некалькі метраў страляе ў другую – бяззбройную. Генеральная пракуратура Украіны пачала расследаванне па факце парушэння законаў і звычаяў вайны.

«На жаль, Украіна прававымі метадамі да гэтых людзей дацягнуцца не зможа – мы мусім гэта прызнаць. Такія факты ўжо былі. Украіна адкрывае крымінальную вытворчасць, расследуе, але вінаватыя гэтых злачынстваў гінуць на фронце альбо да іх дацягваюцца нашыя вайскоўцы і проста ліквідуюць», – мяркуе вайсковы аналітык Іван Ступак.

Паводле ўкраінскага ведамства, ахвярамі расейцаў сталіся прынамсі сямёра ваеннапалонных. Інцыдэнт адбыўся падчас штурму пазіцыяў ЗСУ паміж сёламі Іванаўскае і Хромава ў Данецкай вобласці.

«Гэты выпадак неабходна зафіксаваць як чарговае парушэнне Расеяй нормаў міжнароднага гуманітарнага права. Адносна гэтага я неадкладна звярнуўся з афіцыйнымі лістамі ў ААН і МКЧК, каб арганізацыі зафіксавалі і публічна прызналі, што расейскія вайскоўцы забіваюць украінскіх палонных», – кажа Дмытро Лубінец.

Цяпер ва Украіне расследуюцца 19 крымінальных справаў па фактах забойстваў 45-ці ўкраінскіх ваеннапалонных. Таксама, паводле омбудсмана краіны Дмытра Лубінца, яшчэ каля 28-мі тысяч грамадзянаў Украіны незаконна ўтрымліваюцца ў няволі ў Расеі.

«На жаль, не магу падзяліць з 28 тысячаў – хто вайсковец, хто цывільны. Бо вельмі часта бывае, калі РФ проста не пацвярджае перабывання ў палоне нашых людзей. Мы дакладна ведаем, што ў палон трапіў. РФ кажа: няма такога, няма, усё, да пабачэння», – кажа вайсковы аналітык.

Упершыню сталі вядомыя і страты ЗСУ з пачатку поўнамаштабнага ўварвання. Трыццаць адна тысяча вайскоўцаў – такі лік назваў прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі падчас прэс-канферэнцыі 25-га лютага ў Кіеве.

«Не 300 тысячаў, не 150, як брэша Пуцін з сваім брахлівым колам. Але тым не менш кожная страта – гэта вялікія страты для нас», – заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Уладзімір Зяленскі.
Фота: УНІАН

У той жа час, паводле звестак Вашынгтону, колькасць забітых украінскіх вайскоўцаў нібыта не меншая за 70 тысяч асобаў.

«Існуюць розныя методыкі падліку. Пачынаючы з таго, каго лічыць вайскоўцамі. Гэта значыць, гэта кадравыя вайскоўцы на дзень 24 лютага 2024 года. Як лічыць добраахвотнікаў, дапусцім, якія ў першыя месяцы вайны не былі аформленыя як вайскоўцы…. Можа быць шмат нюансаў, але гэта першы раз, калі прэзідэнт Украіны агучыў нейкія лічбы», – адзначае палітолаг, эксперт аналітычнага цэнтру «Обʼєднана Україна» Ігар Пятрэнка.

Пры гэтым больш значныя страты нясе расейскі бок: паводле розных падлікаў, яны складаюць ад 100 да 180-ці тысяч вайскоўцаў. Не зважаючы на такую перавагу, увесну ЗСУ чакаюць выпрабаванні: Расея рыхтуе контрнаступ, а стратэгічна важнае ўзбраенне ад заходніх хаўруснікаў дасюль паступае ва Украіну з перабоямі.

«Няма боепрыпасаў ад Злучаных Штатаў, вельмі мала ідзе ад Еўрапейскага Звязу. На жаль, яны не могуць забяспечваць паставак. Таму тэндэнцыя не вельмі прыемная для нас, мы вымушаныя адступаць… Мы страцілі Аўдзееўку, страцілі наступнае паселішча і бачым прасоўванне расейцаў на розных кірунках», – зазначае вайсковы аналітык Іван Ступак.

Нягледзячы на апошнія паразы на фронце, эксперт адзначае, што ўкраінцы ўжо цяпер актыўна рыхтуюцца спыняць атакі расейскай арміі ўвесну гэтага года.

Наста Печанькова, «Белсат»