Навукоўцы робяць немагчымае магчымым


Нямецкія даследнікі зрабілі прарыў у галіне экстракарпаральнага апладнення жывёлінаў, які абяцае ўратаваць ад знікнення практычна вымерлы від сысуноў – паўночных белых насарогаў. Цяпер гэты від прадстаўлены на Зямлі ўсяго дзвюмя жывымі асобінамі. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Фату і яе маці Наджын – дзве апошнія асобіны паўночнага белага насарога ў свеце, што жывуць пад абаронай у Кенійскім запаведніку «Ол Пэджэта». Фармальна, від лічыцца вымерлым, паколькі ў ім больш няма самцоў.

«Утрымліваць двух апошніх вядомых паўночных белых насарогаў – велізарная адказнасць. І кожную раніцу гэта нагадвае нам, што, калі нічога не зрабіць, мы трапім пад поўнае выміранне. Таму мы абяцаем на нацыянальным узроўні, на ўзроўні ўраду Кеніі, зрабіць усё магчымае і немагчымае дзеля таго, каб гэтыя жывёліны не зніклі з Зямлі», – распавёў кіраўнік аддзелу даследаванняў і захавання відаў у запаведніку «Ол Пэджэта» Сэм’юэл Мутысія.

Спосаб працягнуць род жывёлінаў вынайшлі нямецкія навукоўцы. Спецыялісты праекту «Біо Рэск’ю» задзеялі сучасныя метады штучнага апладнення. Паколькі ніводная з самак белых паўночных насарогаў не можа вынасіць плод з-за ўзросту і стану здароўя, выгадаваны ў лабараторыі эмбрыён перасадзілі сурагатнай маці – саміцы больш шматлікага віду белага насарога, паўднёвага.

«Мы сапраўды зрабілі немагчымае магчымым. І сёння мы можам абвясціць гэта. І гэта сапраўды важная вяха, якая дазволіць нам атрымаць дзіцянят паўночнага белага насарога ў найбліжэйшыя два-два з паловаю гады», – кажа Томас Гільдэбрант з Ляйбніцкага інстытуту даследавання заапаркаў і дзікай прыроды.

Першы ў свеце паспяховы перанос эмбрыёнаў насарогаў пракладвае шлях да выратавання паўночных белых насарогаў ад вымірання.
Фота: FABRIZIO BENSCH / Reuters / Forum

Эксперыменту навукоўцы прысвяцілі некалькі гадоў. Першая ўстойлівая цяжарнасць з эмбрыёнам паўднёвага белага насарога ўдалася з 13-ай спробы. Наступным крокам стане ЭКА з эмбрыёнам паўночнага белага насарога.

«Мы распрацавалі новы падыход да даследаванняў у гэтай галіне, які патэнцыйна можа быць скарыстаны і да іншых відаў дзікіх жывёлаў, якія апынуліся пад пагрозаю знікнення. Мы гэта робім, каб забяспечыць аптымальную біяразнастайнасць і здаровыя звычкі ў глабальным маштабе», – удакладніла амбасадарка Кеніі ў Нямеччыне Валеры Ругенэ.

Калісьці паўночныя белыя насарогі (якія насамрэч шэрыя), вяліся па ўсёй цэнтральнай Афрыцы. Аднак праз попыт на рогі гэтай жывёліны браканьеры амаль цалкам вынішчылі іхную папуляцыю ў дзікай прыродзе.

Павел Алейнікаў, Андрэй Сульжыц, «Белсат»