Віталь Цыганкоў: «Цяпер паўсюль правалы ў беларускім спорце»


Вайна ва Украіне – моцны фон, на якім адбываюцца ўсе міжнародныя падзеі, у тым ліку спартовыя.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Разумею, гэта не мая віна, я нічога не кантралюю, калі б я магла што-небудзь зрабіць – зрабіла б, але я не магу нічога зрабіць», – гэтак на пытанне журналістаў пра стаўленне да вайны Расеі супраць Украіны адказала беларуская тэнісістка Арына Сабаленка перад паўфіналам на «Australian Open».

«Калі ты з’яўляешся адной з лідарак сусветнага тэнісу, казаць, што ад цябе нічога не залежыць, ты нічога не можаш зрабіць… Па-першае, можна скарыстаць сваю папулярнасць дзеля таго, каб прыцягнуць увагу да таго, што ідзе вайна. Па-другое, можна запрасіць сваіх заўзятараў да нейкай дабрачыннасці», – кажа Анатоль Котаў з Беларускага фонду спартовай салідарнасці.

Адразу дзве беларускі, Вікторыя Азаранка і Арына Сабаленка, у паўфінале «Australian Open». Вікторыя неаднаразова зʼяўлялася на публіцы ў кампаніі Лукашэнкі, прымала ад яго дзяржаўныя ўзнагароды. Арына падчас жнівеньскіх пратэстаў 2020 асцярожна выказалася супраць гвалту, але неўзабаве адмовілася гаварыць на гэтую тэму, нягледзячы на просьбы сваіх заўзятараў.

«Сабаленка паўдзельнічала ў навагоднім віншаванні разам з Лукашэнкам, і гэтыя ўсе абдымкі і гэтак далей… Лукашэнка працягвае яе віншаваць з перамогамі, і гэта ў мяне выклікае вельмі благую рэакцыю», – адзначае журналістка выдання «Tribuna» Сабіна Аліева.

Да ўдзелу ў «Australian Open» Сабаленку і Азаранку дапусцілі з той умоваю, што афіцыйных сцягоў Беларусі як дзяржавы, што падтрымлівае агрэсію Крамля, у Мельбурне не будзе. Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў узгадвае, што калісьці ён вёў блог. А ў ім даводзіў чытачам, што спартоўца варта ацэньваць не толькі паводле ўласна спартовых вынікаў:

«Тады многія са мной спрачаліся, гэта было, можа, гадоў 10 таму, але пасля 2020 года гэтая думка, якую я тады выказаў, – яна абсалютна перамагла, абсалютна стала галоўнай, калі большасць беларусаў, асабліва палітычна, сацыяльна актыўных беларусаў, разглядаюць спартоўцаў менавіта з пункту гледжання іхнай грамадзянскае пазіцыі».

Падобнай пазіцыі прытрымліваецца Міжнародны алімпійскі камітэт. Напярэдадні арганізацыя прапанавала дапусціць да ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах у нейтральным статусе беларускіх і расейскіх спартоўцаў, якія не падтрымалі вайны ва Украіне. Але гэтага недастаткова, упэўненыя ў Фондзе спартовай салідарнасці:

«Каб дапускаць тых, хто менавіта выказваўся супраць вайны, то бок не нейкіх там маўчуноў, а тых, хто сваю пазіцыю дэклараваў. Ва Украіны тут пазіцыя яшчэ больш жорсткая: не дапускаць нікога, пакуль не скончыцца вайна».

Спорт для дыктатараў – асабісты PR, зазначаюць нашыя эксперты. А таму тэма санкцыяў для таго ж Лукашэнкі – вельмі балючая.

«Цяпер паўсюль правалы ў беларускім спорце. За час кіравання Лукашэнкі колькасць алімпійскіх медалёў пастаянна змяншаецца, вынікі хакейныя і футбольныя пастаянна пагаршаюцца. Гэта таксама заканамерны вынік дэградацыі не толькі палітычнай, а ўсёй сацыяльнай, у тым ліку спартовай сістэмы ў дыктатарскай Беларусі», – канстатуе Віталь Цыганкоў.

А сёлетні «Australian Open» не абышоўся без скандалаў: бацька тэнісіста Новака Джокавіча Сырджан Джокавіч сфатаграфаваўся з чалавекам у кашульцы з літарай «Z», які стаяў з расейскім сцягам, а на ім – партрэт Уладзіміра Пуціна. Такая сімволіка на турніры забароненая. Пракаментаваць інцыдэнт журналісты папрасілі Вікторыю Азаранку.

Алесь Яшчанка, «Белсат»