Ці сапраўды Украіна блакуе Ціханоўскую?


Украіна блакуе ўдзел Святланы Ціханоўскай і прадстаўнікоў беларускага грамадства ў супольных з еўрапейцамі мерапрыемствах. Пра гэта заяўляе выданне «Наша Ніва» са спасылкаю на неназваных еўрапейскіх дыпламатаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў замежных справах Валерый Кавалеўскі адзіным негатыўным прыкладам такога кшталту назваў адзначэнне 160-х угодкаў паўстання 1863 года ў Варшаве.

«Адсутнічаў беларускі спікер, то бок Святлана Ціханоўская, не быў пастаўлены беларускі сцяг і не было магчымасці паставіць беларускі вянок. І ў тым звароце, што быў зроблены ўкраінскім амбасадарам ад імя Уладзіміра Зяленскага, не згадвалася Беларусь», – пералічвае Прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінету.

Пры гэтым прэзідэнты Польшчы і Літвы вельмі выразна адзначылі ролю Беларусі і беларусаў у паўстанні, падкрэслівае Валерый Кавалеўскі. Пасля імпрэзы палітык выказаў сваю пазіцыю амбасадару Украіны ў Польшчы, адзначыўшы, што такая адсутнасць згадкі пра Беларусь недарэчная, бо роля беларусаў была цэнтральнай у паўстанні.

«Фактычна ён не спрачаўся з тымі прэтэнзіямі, што я выказаў, і тымі аргументамі, што я прывёў. Адзіным адказам было тое, што зараз Беларусь ёсць удзельніцай агрэсіі з удзелам Расеі, і гэта тлумачыць такія аспекты гэтай сітуацыі», – кажа Валер Кавалеўскі.

З яго словаў, афіцыйны Кіеў ведае пра выразную рэакцыю беларусаў. Адсутнасць жа прамовы Ціханоўскай на святкаванні ў Варшаве збалансавала прысутнасць беларусаў і беларускіх сцягоў, а таксама вянок ад беларускай дыяспары.

«Я не думаю, што Украіна адмыслова блакуе ўдзел Ціханоўскай у дыпламатычных мерапрыемствах. Насамрэч гэта пытанне дыпламатычнага пратаколу. Для таго, каб удзельнічаць у дыпламатычных мерапрыемствах, трэба мець адмысловы статус», – так адрэагаваў на закіды пра блакаванне старшыня камітэту Вярхоўнай Рады Украіны ў справах замежнай палітыкі і міжпарламенцкай супрацы Аляксандр Мэрэжка.

Што датычыць адсутнасці запрашэння на саміт Люблінскага трыкутніка, прыклад якога таксама прыводзіць «Наша Ніва», то Святлана Ціханоўская брала ўдзел у ім аднойчы, у 2021 годзе, на запрашэнне міністра замежных справаў Украіны Дмытра Кулэбы. І не было дамоўленасцяў, што сама абраная прэзідэнтка Беларусі ці ейныя прадстаўнікі будуць браць удзел у наступных самітах. Таму гэты няўдзел нельга лічыць блакаваннем, кажа Валерый Кавалеўскі.

Чуткамі назваў інфармацыю пра блакаванне Украінаю беларускіх дэлегацыяў прэс-сакратар Еўрапейскай службы замежнапалітычнай дзейнасці Пэтэр Стэна:

«Мы не каментуем здагадак і чутак медыяў, у нас ёсць рэгулярныя ўзаемадзеянні з нашымі беларускімі партнёрамі, у тым ліку са Святланаю».

Літоўскі бок дзеянняў Украіны не каментуе, але адназначна падкрэслівае сваю пазіцыю.

«Нашай пазіцыяй было, ёсць і застанецца падтрымліваць беларускую апазіцыю, якая знаходзіцца ў Польшчы, Літве і дзе заўгодна. Мы працягнем падтрымліваць іх палітычна, фінансава – усімі магчымымі шляхамі. Гэта нашая цвёрдая пазіцыя, якую мы занялі ў 2020 годзе, і мы працягнем яе прытрымлівацца», – кажа міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс.

Кіеў, прымаючы пэўныя рашэнні, сыходзіць са сваіх нацыянальных інтарэсаў, кажа Валерый Кавалеўскі. Абʼяднаны кабінет жа робіць сваю справу: падымае беларускае пытанне на міжнародным узроўні. Да прыкладу, дамагаючыся далучэння да ініцыятывы «Еўрапейская палітычная супольнасць». Бо акурат на такіх форумах і вызначаецца супольная будучыня Еўропы, падкрэслівае палітык.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»