Каб горкі не заканчваліся гіпсам


Каляндарная зіма яшчэ не пачалася, а праблемы, звязаныя з зімовым надвор’ем, ужо маем. Некаторыя выпадкі заканчваюцца шчасліва: так, нецвярозага жыхара Гарадзеншчыны, які паслізнуўся, упаў і ляжаў на ўскрайку дарогі, дарожна-патрульная служба давезла дамоў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Зіма – гэта не толькі сняжок, коўзанкі, канькі ды лыжы, але яшчэ і павелічэнне колькасці траўмаў.

«З выпадзеннем першага снегу нашая праца павялічваецца прыкладна ў 2–3 разы. Колькасць паступленняў рэзка ўзрастае з улікам галалёду і перападу тэмператураў ад 0 да 5–10 уначы, гэта надзвычай небяспечны час», – падкрэслівае лекар-траўматолаг з РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Андрэй Баканоўскі.

Рызыку траўмавацца падвышае галалёд, ранняе наступленне цемры, слізкі абутак ды пагаршэнне якасці дарожнага пакрыцця як для аўтамабіляў, так і для пешаходаў, пералічваюць лекары. Але галоўная прычына – неасцярожнасць людзей. Асабліва падчас зімовых забаваў.

«Хоць зіма толькі пачалася, ужо 13 тʼюбінгаў трапіла ў наш цэнтр, звярнуліся па медычную дапамогу. Для першых дзён зімы гэта нямала, хоць мы ў самым пачатку гэтай праблемы», – кажа нейрахірург з РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі Яўген Міранец.

Тʼюбінг – круглы надзіманы балон, у Амерыцы на іх сплаўляюцца па рэчках, у нас – зʼязджаюць са снежных горак, выкарыстоўваючы замест традыцыйных санак. Але тʼюбінг значна небяспечнейшы за санкі, адзначае нейрахірург Яўген Міранец: ім складаней кіраваць і ў ім складаней згрупавацца. Да таго ж на тʼюбінгу часта зʼязджаюць са стыхійных горак, адкуль трапляюць у лякарні з траўмамі.

Каб перадухіліць траўмы, перш за ўсё ездзіць трэба ў адмыслова абсталяваных месцах. У сталіцы вызначаныя 42 горкі, прыстасаваныя для тʼюбінгу.

Важна таксама нагадваць дзецям правілы бяспекі і падумаць пра іншыя, больш бяспечныя зімовыя забавы: лыжы ці коўзанкі.

Коўзанкамі пры мінусавай тэмпературы становяцца і звычайныя ходнікі. Ад пераважна галалёдных траўмаў толькі з пачатку сезону пацярпелі больш за 250 чалавек. Кожны дзясяты з іх трапіў у шпіталь.

Каб знізіць траўматызм, адмыслоўцы раяць насіць узімку абутак без абцасаў, з мяккай рыфленай падэшвай. Хадзіць лепш дробнымі крокамі, нібы слізгаючы, не спяшацца. Торбы не насіць на плячы, бо змяняецца цэнтр раўнавагі. Калі ж страцілі раўнавагу – варта групавацца і падаць набок, не выстаўляючы выпрастаных рук. Пасля падзення не спяшайцеся падымацца.

«Адразу не ўскокваць, а паступова вызначыцца, што баліць, што пашкоджанае, калі пашкоджаная канцавіна – не трэба наступаць, штосьці ўпраўляць, рухаць», – раіць Андрэй Баканоўскі.

Калі адчуваеце, што не ўсё ў парадку – лепш выклікаць хуткую па нумары 103, за вамі або прыедуць, або падкажуць, што рабіць і куды звярнуцца.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»