Што адбываецца з выданнем «Прессбол»?


Культавая спартовая газета «Прессбол» перажывае няпросты час. Гаворка пра тое, што выданне перастане існаваць у цяперашнім выглядзе. Апошнім часам газета выжывала за кошт рэкламы на сайце, аднак і яго прыкрылі. Днямі старонка зноў пачала сваю працу, але неспадзяванка адбылася ўжо на наступныя содні: сайт ізноў зрабіўся недаступны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Апошнім часам «Прессбол» працягвае ліхаманіць. Скарацілася колькасць выхадаў газеты, а потым дадалося і блакаванне сайту. Праз 4 месяцы старонка запрацавала, але ненадоўга. Тэлеграм-канал «Прессболу» паведаміў пра тэхнічныя працы.

«Словазлучэнне “тэхнічныя работы” – гэта такі эўфемізм, якім звычайна прыкрываюць нейкія праблемы, якія паўсталі ў выпадку Беларусі, адміністрацыйныя праблемы. Таксама гэта могуць быць праблемы з кодэксам, якія існуюць у краіне. На жаль, ёсць кепскія думкі пра тое, што сайт могуць ці закрыць, ці знішчыць», – распавёў журналіст радыё «Свабода» Арцём Сізінцаў.

Акаўнт заблакаваны адміністратарам сервера – менавіта такая інфармацыя цяпер у цэнтры старонкі. З парталу зніклі ўсе навіны, апублікаваныя сёлета да першага траўня. Працаўнікі газеты не атрымоўваюць апошнім часам заробку. Усё гэта стала адбывацца, калі паўнавартасна загаспадарыла ў «Прессболе» Асацыяцыя беларускай федэрацыі футболу.

«Гэта выпрабаванне з заробкамі можа сведчыць аб тым, што ў федэрацыі свой пункт гледжання на кадры, на тых людзей, якія павінныя працаваць, быць лаяльнымі сістэме. Канечне, яны не хочуць, каб рэдакцыя “Прессбола” была вальнадумнай, сапраўднай, журналісцкай, як гэта было раней, калі кожны чалавек у рэдакцыі меў свой погляд, свой стыль», – адзначыў журналіст радыё «Свабода» Арцём Сізінцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сайт «Прессбола». Крыніца: pressball.by

Раней газета была сапраўдным глытком волі – як у спартовай тэме, гэтак і ў жанры расследаванняў. Выхад у друкаваным варыянце «Прессбола» чакалі многія. Да таго ж газета была адною з нешматлікіх незалежных, якую маглі выпісаць за кратамі палітычныя вязні.

«Шмат палітычных вязняў, знакамітых палітычных вязняў Беларусі, пасля выбараў прэзідэнта ў 2010 годзе, знаходзячыся ў інфармацыйным вакууме, у СІЗА КДБ, чыталі “Прессбол” і даведваліся пра тое, што адбываецца на волі. Той “Прессбол”, які быў і які ёсць цяпер, – два розныя выданні. Тое выданне трымалася на выбітных журналістах, як Беражкоў, Новікаў, Кайко ды іншых», – распавёў былы карэспандэнт «Прессбола» Руслан Ігнатовіч.

Паводле Руслана Ігнатовіча, пасля жніўня 2020-га рэзка ўзмацнілася цэнзура. «Няправільныя» навіны маглі здымаць пасля тэлефанавання зверху.

«Мне дакладна вядома, што на наўпроставай сувязі з галоўным рэдактарам “Прессбола”, на той момант Лісічкіна, была сама Наталля Эйсмант. Калі што-небудзь выходзіла на сайце, што асабіста ёй не падабалася, яна тэлефанавала і прасіла тэрмінова гэта прыбраць», – падкрэсліў былы карэспандэнт «Прессбола».

Першы нумар газеты выйшаў 16-га студзеня 1991-га года ў фармаце васьмістаронкавага штотыднёвіку. Падчас буйных спартовых падзеяў выданне выходзіла да шасці разоў на тыдзень. Што будзе далей з газетай і сайтам – невядома. Паводле інсайдаў, футбольная асацыяцыя апошнім часам вядзе актыўную камунікацыю наконт зліцця з паблікам «Беларускі футбол» з прыблізна пяццюдзесяццю тысячамі падпісчыкаў.

Павел Алейнікаў, «Белсат»