Ідэалагізацыя замест адукацыі


Міністэрства адукацыі падрыхтавала новыя вучэбныя дапаможнікі пра гісторыя Беларусі і генацыд беларускага народу. 

«Рыхтуецца да выдання дапаможнік «Генацыд беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай Вайны» для навучэнцаў 1-4, 5-9 і 10-11 класаў. У аснове гэтых дапаможнікаў матэрыялы крымінальнай справы, якую расследуе Генпракуратура РБ», – заявіла намесніца дырэктара Нацыянальнага інстытуту адукацыі Людміла Раманоўская.

На прэсавай канферэнцыі «Кніжныя навінкі ад выдавецтваў рэспублікі да новага навучальнага года» удакладнілі, як яны будуць выкарыстоўвацца.

«Гэты дапаможнік будзе выкарыстоўвацца ў адукацыйным працэсе на ўроках рускай і беларускай літаратуры, а таксама гісторыі. Гэта значыць, там, дзе разглядаюцца тэмы Вялікай Айчыннай Вайны ў дадатак да таго адукацыйнага кантэнту, які ўключаны ў навучальны дапаможнік», – дадала Людміла Раманоўская.

Таксама матэрыялы крымінальнай справы мусяць стацца раздзелам падручніка «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі» для 10-га класу.

«Гэта не вельмі ўдалая на мой погляд спроба перакінуць увагу з карных аперацый НКУС і іншых органаў СССР на нацыстаў», – лічыць былы настаўнік гісторыі Уладзіслаў Бохан.

Падручнік «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі» з’явіцца ва ўсіх школах увосень 2025-га года. Пакуль жа апрабаваць яго збіраюцца на базе чатырнаццаці школаў.

«Вядома, гэта спроба ідэалагізацыі, як і ўвесь гэты праект, якім займалася пракуратура. Там гаворка ішла ў меншай ступені пра тое, каб нешта новае зрабіць у вывучэнні гісторыі нацысцкіх злачынстваў», – заявіў гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Улады намагаюцца стварыць свой афіцыйны погляд на гісторыю, адзначае Аляксандр Фрыдман.

«Гэтыя погляды сістэматызуюцца. Іх мэта – навязаць гэтыя погляды маладой генерацыі, каб яны гэтыя погляды таксама ўспрынялі. Ніякіх дыскусій у Беларусі ва ўмовах дыктатуры наконт гістарычных асобаў і іх укладу ў гісторыю тут чакаць не варта», – дадаў ён.

Падчас сённяшняга візіту ў БДУ Лукашэнка заявіў, што найважнейшае для яго і ўладаў, – «дашліфаваць» сістэму адукацыі. Прычым, як вынікае з ягоных прамоваў, гаворка менавіта пра ідэалогію.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»