«Рамштайн-12»: Абараніць неба Украіны


Трыццаць шэсць з трыццаці шасці. Стоадсоткавы вынік абаронцаў украінскага неба ў супрацьстаянні з варожымі беспілотнікамі «Shahed».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Расейскую атаку 25 траўня адбівалі падраздзяленні зенітных ракетных войскаў, авіяцыі, а таксама мабільных агнявых групаў супрацьпаветранай абароны. Вось гэтая група працуе на нямецкай зенітнай самаходнай устаноўцы «Gepard».

«Яна ўжо мае на борце знішчаныя варожыя цэлі: 4 беспілотныя лятальныя апараты “Shahed” і дзве крылатыя ракеты», – кажа камандуючы Аб’яднанымі сіламі ЗСУ Сяргей Наеў.

Пра перадачу ўстановак «Gepard» Украіне Нямеччына заявіла летась 26 красавіка. І гэта быў гістарычны дзень. Менавіта тады адбылася першая сустрэча кантактнай групы дзеля абароны Украіны, больш вядомая як «фармат Рамштайн». І цяпер, праз год, мы бачым вынік, які «Гепарды» паказваюць ва Украіне.

Сёння – 12-ая сустрэча ў фармаце «Рамштайн». І прагрэс відавочны. Цяпер галоўнае пытанне – узмацненне супрацьпаветранай абароны Украіны, у прыватнасці, перспектывы перадачы Кіеву знішчальнікаў F-16.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сустрэча Кантактнай групы Міністэрства абароны Украіны на амерыканскай авіябазе «Рамштайн». 21 красавіка 2023 года. Фота: HEIKO BECKER / Reuters / Forum

«Узбраенне, якое ідзе да гэтай авіяцыйнай платформы, як і да іншых заходніх самалётаў, дазваляе адпрацоўваць па паветраных цэлях, па наземных цэлях, а таксама і па марскіх цэлях. То бок, маючы на ўзбраенні такія супрацькарабельныя ракеты, як “Harpoon”, можна адправіць услед за расейскім караблём Чарнаморскі флот», – зазначае ў каментары Белсату спікер камандавання Паветранымі сіламі ЗСУ Юрый Ігнат.

Вялікая Брытанія хоць і не мае на ўзбраенні знішчальнікаў F-16, але стала першай краінай, якая запрасіла да сябе на навучанне на самалётах такога ж класу 20 украінскіх пілотаў. Пра гэта паведаміла выданне «Foreign policy».

«Цяпер нашыя перадавыя групы ўжо ў краінах Еўропы, гэта авіяцыйныя нашыя адмыслоўцы, вывучаюць імавернасць і прапускную магчымасць тых базаў, якія ёсць для навучання пілотаў у розных краінах», – кажа Юрый Ігнат.

А тым часам верхавод ПВК Вагнера Яўгеній Прыгожын заявіў, што пачаў выводзіць сваіх наймітаў з Бахмуту:

«Да першага чэрвеня асноўная частка перабазуецца ў тылавыя лагеры. Перадаем пазіцыі вайскоўцам, боекамплект – усё, уключаючы сухі паёк».

Але выйсці не будзе так проста, упэўнены вайсковы эксперт Іван Ступак:

«Дзе Міністэрства абароны Расейскай Федэрацыі? Дзе Генштаб? Іхнага меркавання на гэты конт мы яшчэ не пачулі. Нельга проста так сысці з пазіцыяў. То бок сёння ён сказаў а пятай раніцы, што вось, мы выходзім. А дзе тыя людзі, якім перадаць гэтыя пазіцыі?»

Намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр паведаміла, што ў прадмесце Бахмуту прыйшлі вайскоўцы расейскай арміі. Артылерыйскімі абстрэламі яны намагаюцца спыніць ЗСУ. Доўгачаканы наступ ідзе ўжо некалькі дзён, што пацвердзіў італьянскаму тэлеканалу «RAI»дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк. З ім пагаджаецца і Іван Ступак:

«Расейскі добраахвотніцкі корпус, Легіён свабоды. Вось гэтая вылазка мае вельмі доўгатэрміновыя наступствы. Гэта ўсё таксама частка ўкраінскага контрнаступу. Паколькі я – неафіцыйная асоба, я магу лёгка рабіць здагадкі. Я лічу, што гэта частка наступу».

А вось у гэтым месцы, якое абазначанае на мапе, зусім недалёка ад Бахмуту, адбыўся абмен палоннымі. Украіна вярнула 106 сваіх абаронцаў. Палова з іх лічыліся зніклымі без вестак.

Алесь Яшчанка, «Белсат»