Ліцэй БДУ ўсё бліжэй супрацоўнічае з КДБ


Вучні ліцэю БДУ з’ездзілі на вайсковы палігон. А пасля на сайце ўстановы адукацыі зʼявілася падзяка за арганізацыю вучэнняў для ліцэістаў. Яна адрасаваная КДБ. І гэта не першы прыклад супрацы ліцэю з карным ведамствам Івана Церцеля.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Язда на танках, збіранне і разбіранне аўтаматаў Калашнікава, мінаванне і размінаванне. Дзесяць вучняў сталічнага ліцэю БДУ правялі ў такіх занятках некалькі дзён. Своеасаблівыя вучэнні прайшлі ля Барысава, на палігоне «Белая Лужа». Пад пільным вокам чэкістаў.

Такая супраца ліцэю з КДБ – працяг цэлай праграмы. Раней ва ўстанове адукацыі стварылі вайскова-патрыятычны клуб «Дзяржынец». На нядаўнім агульнанацыянальным суботніку калектыў ліцэю працаваў у музеі-сядзібе «Дзяржынава». А неўзабаве збіраюцца надаць ліцэю БДУ імя «жалезнага Фелікса». Паводле гісторыка Яўгена Дудкіна з партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», азначэнне «Жалезны Фелікс» – адказ на пытанне, што гэта за асоба. Ён праводзіў «жалезную» палітыку, якая адказвала за рэалізацыю чырвонага тэрору ў дачыненні ўсіх, хто быў не згодны з бальшавікамі.

Пастановы наконт надання ліцэю імя Дзяржынскага пакуль няма, але з увагі на блізкую супрацу ўстановы з чэкістамі, гэта пытанне часу, упэўнены Яўген Дудкін. Паводле яго, калі гэтая ідэя будзе зрэалізаваная, гэта пакажа канкрэтны курс самой дзяржавы. Гэта будзе сведчыць, што дзеці мусяць баяцца, мусяць выконваць усе тыя запаветы, што пакінуў Фелікс Эдмундавіч.

Ліцэй БДУ.
Фота: Lyceum-BSU / Facebook

Ліцэй БДУ – адная з самых прэстыжных сярэдніх навучальных установаў краіны. Пры паступленні тут з году ў год высокі конкурс. Раней установа вызначалася вальнадумствам, кажа выпускнік ліцэю журналіст «Белсату» Вітаўт Сіўчык. Гэтак, у 2020 годзе больш як тысяча дзвесце выпускнікоў ліцэю падпісалі адкрыты ліст за сумленныя выбары і супраць гвалту. Афіцыйна выкладчыкі ліцэю асуджалі рэпрэсіі і затрыманні ліцэістаў. У выніку потым рэпрэсіі абрынуліся на сам ліцэй БДУ, многія выкладчыкі былі вымушаныя з’ехаць за мяжу. У тым ліку былы дырэктар.

Ініцыятарка надання ліцэю імя Дзяржынскага – яго цяперашняя дырэктарка Таццяна Мамчыц. Сваю прапанову яна перадала рэктару БДУ. Паводле Вітаўта Сіўчыка, яе туды прызначылі, менавіта каб разграміць гэтую ўстанову, каб задушыць дух свабоды.

У 2003-м улады з тою ж мэтаю знішчылі Гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. Гэта была адная з найбольш прэстыжных і элітных установаў Беларусі, дзе навучанне было выключна па-беларуску, а праграмы вызначаліся высокімі стандартамі.

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»