Дзень Волі за мяжой


105-ю гадавіну Дня Волі шматлікія беларускія дыяспары адзначылі па ўсім свеце.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларусы Польшчы сабраліся ў самым цэнтры польскай сталіцы – на Замкавым пляцы і цэнтральных вуліцах гэтага славутага гораду. Нашыя беларусы ішлі пад воклічы «Жыве Беларусь!» Арганізатары шэсця – рух «Вольная Беларусь» і «Паспалітае рушэнне». Калону ўзначаліў палітык Зянон Пазняк. А беларусы прыйшлі не толькі з бел-чырвона-белымі, але і з украінскімі сцягамі. Акрамя воклічаў «Жыве Беларусь!», гучала і «Слава Украіне!»

«Гэтае шэсце, якое ідзе, яно паказвае, што тут ёсць і татарскія прадстаўнікі, тут ёсць і ўкраінцы, і палякі, і беларусы. І гэтая адзіная пазіцыя паказвае, што Расея з’яўляецца агрэсарам. Што гэта ёсць расейскі фашызм. І што фашызм не пройдзе», – распавядае старшыня КХП-БНФ Зянон Пазняк.

Выказваліся ўдзельнікі мітынгу і непасрэдна супраць двух дыктатараў.

«Ні Лукашэнка, ні Пуцін нашай волі не забяруць. Таму я ўпэўненая, што мы вернемся дадому. У наступным годзе мы яшчэ большым, мільённым, маршам, пройдзем па вуліцах Менску. А зараз я хачу сказаць беларусам, якія цяпер знаходзяцца ў Беларусі: беларусы, трымайцеся! Беларусы, самае галоўнае – не бойцеся. Таму што гэты страх ваш – ён і корміць гэтую сілу і гэты рэжым», – сцвярджае ўдзельніца шэсця ў Варшаве.

У Літве, у Вільні раніцаю каля Парламенту рэспублікі мясцовыя ўлады ўзнялі бел-чырвона-белы сцяг.

«Безумоўна, гэты дзень важны для нашага беларускага нацыянальнага гістарычнага міфу, таму што ў гэты дзень было аб’яўлена ўпершыню на ўвесь свет, што існуе ўвогуле такая з’ява як Беларусь. Прыйсці сюды вельмі важна, таму што зараз барацьба ідзе ва Украіне. У гэтай вайне і ў гэтыя дні нам важна быць разам», – кажа беларускі добраахвотнік Васіль Верамейчык.

Беларусы Літвы зладзілі аўтапрабег ад могілак Росы да Лукішскай плошчы, дзе адбыўся ўрачысты мітынг.

«Гэта – праяўленне імкнення да волі, да сапраўднай незалежнасці, якое праявілі нашыя, будзем казаць, ужо цяпер – продкі, 105 гадоў таму. Але гэта не ёсць пачатак нашай дзяржавы, трэба разумець, нашай краіны, гэта проста – чарговая спроба аднаўлення таго, што было сягаючы ў далёкую нашу гісторыю – у гісторыю ВКЛ», – распавёў нам праваабаронца Васіль Завадскі.

Святочны мітынг зладзілі і беларусы ў Бельгіі. У Бруселі пасля паўтарагадзіннай акцыі нашыя суайчыннікі сабраліся ў офісе Беларускай місіі пры Еўрапейскім Звязе, дзе пісалі паштоўкі палітвязням, спявалі гімны і песні па беларуску.

«Са святам, беларусы, шматпакутная краіна, шматпакутны народ Беларусі! Сёння – 105 год няспыннага змагання за незалежнасць. Калі зноў і зноў у турмах – закінутыя беларускія пассіянарыі, якія змагаліся мірна, з любоўю да краіны за незалежнасць і волю сваёй зямлі, сваёй бацькаўшчыны», – павіншавала беларусаў з Днём Волі кінадакументалістка і журналістка Вольга Мікалайчык.

Таксама вядома, што ўрачыстыя мітынгі, канцэрты і імпрэзы да Дня Волі прайшлі ў Беластоку, Вроцлаве, Тбілісі, Батумі, Рызе, Юрмале, Лондане. Святкаваць у гэтых гарадах працягваюць і дагэтуль. Прыняць эстафету ад беларусаў Еўропы рыхтуюцца беларусы Паўночнай Амерыкі.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»