«Існаваць могуць толькі тыя партыі, якія падтрымліваюць дзейны палітычны курс дзейнай улады»


Паводле закону палітычную партыю нельга ліквідаваць за паўгода да выбараў. Але калі да выбараў больш за год? Гэтак званыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў унеслі папраўкі і ў закон «Аб выбарах» і далі партыйцам тры месяцы на справаздачнасць, згодна з новымі патрабаваннямі. Галоўныя крытэры: мець пяць тысяч сябраў і арганізацыйныя структуры ў траціне раёнаў кожнай вобласці. І даслаць дзяржорганам спісы чальцоў разам адрасамі і месцамі працы. Якім яшчэ крытэрам мае адпавядаць партыя на захопленай рэжымам тэрыторыі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Палітычная партыя мае быць супрацьвагаю дзейнай уладзе, кантраляваць выкананне ёю сваіх выбарчых абяцанняў, прапаноўваць уласнае бачанне развіцця краіны і змагацца за яго рэалізацыю.

Палата прадстаўнікоў прыняла Закон аб палітычных партыях, які перакрэслівае магчымасць перарэгістрацыі для апазіцыйных палітычных арганізацыяў.

Да прыкладу, Аб’яднаная грамадзянская партыя налічвае каля 3,5 тыс сябраў па ўсёй краіне. Згодна з новым законам, праз тры месяцы мае паказаць пяць тысячаў чальцоў, каб мець права на рэгістраванне.

«Нават у Расеі ў апошняй рэдакцыі іхнага закону ад снежня 2022 году – там усяго 500 чальцоў партыі – парог. А ў нас у 10 разоў большы. На фоне дэмаграфічнай катастрофы гэта канешне вельмі дзіўная прапанова. Хаця, што дзіўнага? Мы цудоўна разумеем, што гэта ўсё зроблена для таго, каб партыі апазіцыйныя не змаглі пераадолець гэты парог», – кажа Ганна Красуліна, намесніца старшыні Абʼяднанай грамадзянскай партыі.

Пры тым, што АГП – адная з найбуйнейшых беларускіх партыяў, найстарэйшых і найбольш дасведчаных, што да ўдзелу ў выбарчых кампаніях і займання дзяржаўных пасадаў. Здабудзь яна тыя пяць тысяч заяваў на ўступленне – рэгістрацыя ўсё адно не гарантаваная.

«Многія чальцы партыі не гараць жаданнем афішаваць сваё імя, а таксама месца працы і месца жыхарства, што патрабуецца паводле новага так званага “Закону”, таму што рэальна гэта небяспечна. Мы ведаем, што людзі губляюць працу. А ў рэгіёнах гэта вялізная праблема – быць апазіцыйным дзеячом, актывістам», – падкрэсліла Ганна Красуліна.

А для Беларусі агулам (асабліва ў святле апошніх выбараў) вялікая смеласць – выставіць сваю кандыдатуру на выбарах ад імя апазіцыйнай партыі ці браць актыўны ўдзел у палітычным жыцці Сінявокай. Хоць у тым і канчатковы сэнс партыйнай працы – імкнуцца да ўлады.

За кратамі застаюцца старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў. Лідар незарэгістраванай БСДП (Народная грамада) – Мікалай Статкевіч. Сустаршыня таксама незарэгістраванай Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец. Віктар Бабарыка, які планаваў стварыць партыю «Разам», і Андрэй Дзмітрыеў, які намерваўся стварыць «Нашую партыю».

Прэзідыум Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) у сваёй заяве адзначыў, што закон істотна пагаршае ўмовы працы палітычных арганізацыяў:

«Змены накіраваныя на закрыццё палітычных партыяў напярэдадні выбараў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы дэпутатаў у 2024 годзе. Грамадзяне і грамадзянкі Рэспублікі Беларусь, (…) паводле нашага меркавання, будуць пазбаўленыя магчымасці законна выказваць сваю адрозную ад улады пазіцыю праз палітычныя аб’яднанні, што гарантавана Канстытуцыяй».

Гэта і было мэтаю заканатворцаў, адзначае палітолаг Валер Карбалевіч, які азнаёміўся з тэкстам законапраекту.

«Там гаворыцца, што існаваць могуць толькі тыя партыі, якія падтрымліваюць дзейны палітычны курс дзейнай улады (дзейнага палітычнага рэжыму). То бок тыя партыі, якія выступаюць з апазіцыйных пазіцыяў, проста не могуць існаваць паводле новага закону».

Гэта азначае канец для дзейных апазіцыйных партыяў і закрывае магчымасць для стварэння ў будучыні партыі з апазіцыйнай платформай, робіць выснову палітолаг.

«”Аграрная партыя”, “Камуністычная партыя”, “Спартовая партыя”, “Ліберальна-дэмакратычная партыя імя Гайдукевіча“… – гэтыя партыі, мне падаецца, пройдуць перарэгістрацыю і, магчыма, дапамогуць ім сабраць неабходную колькасць», – спадар Валер пералічыў партыі, якія публічна падтрымліваюць палітыку Лукашэнкі.

Алег Гайдукевіч быў даверанай асобаю «свайго прэзідэнта» на мінулых выбарах, а напярэдадні на Вечаровым палітычным канале ганьбіў палітыку краінаў Захаду: «Еўрапейскія эліты крайне далёкія, на жаль, ад людзей. То бок гэта антынародная, па сутнасці, у іх улада».

Але ж барʼераў да ўдзелу ў палітычным жыцці ўлады Еўразвязу не чыняць. Партыю там могуць стварыць нават тры асобы і ўжо пасля рэгістрацыі нарошчваць кола прыхільнікаў.

Юлія Цяльпук, «Белсат»