У Беларусі могуць з'явіцца самагон-туры


Аграсядзібам дазволілі легальна гнаць самагонку. Адпаведныя змены ўнеслі ў заканадаўства з мэтаю, цытата, «аднавіць паўнату беларускіх нацыянальных традыцыяў».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пра карысць самагонкі гурт з назваю беларускага нацыянальнага напою «Крамбамубуля» заспяваў у пачатку нулявых. Цяпер, здаецца, карысць гэтага напою спасціг і беларускі ўрад. Змены ў Закон аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці ды абароту алкагольнай, нехарчовай прадукцыі, што месціць спірт, дазваляюць аграсядзібам вырабляць самагон, цытата, «у мэтах аднаўлення беларускіх нацыянальных традыцый».

«Мне было б гэта вельмі прывабна, але не ведаю, ці лёгка будзе прабіцца праз гэтыя фільтры. І я не ведаю, ці гэта будзе толькі кантроль якасці, ці будзе нейкі ідэалагічны фільтр, блізкасць да пэўных структур, як гэта было дагэтуль», – мяркуе ўладальнік аграсядзібы Алесь Белы.

Уладальнікі аграсядзібаў даўно дбалі пра легалізацыю самагонаварэння і выраб уласных алкагольных напояў. Да апошняга часу такімі прывілеямі карысталіся толькі 14 вытворцаў. Сярод іх – комплексы «Дудуткі», «Строчыцы», «Сула». Уласныя напоі выраблялі і каля 10-ці адсоткаў з трох тысяч аграсядзібаў.

«Гэта класная ідэя, я думаю, тураператары возьмуцца рабіць самагон-туры, плюс кожны зможа надаць яму свой непаўторны густ, бо сыравіна можа быць розная», – перакананая экспертка ў агратурызме.

Лясны прадукт, бімбер, свойская, табурэтаўка – так беларусы называюць самагонку. Самагон-туры можна скласці паводле міліцэйскіх зводак аб ліквідацыі чарговага самагоннага заводзіку. Адзін з лідараў у вырабе гарэлкі – Маладзечанскі рэгіён.

«Па Маладзечна пазнаюць, так там жа добрую гарэлку гоняць. І Старыя дарогі, Меншчына, Валожыншчына, Налібоцкі край – там хлебная гарэлка, так бы мовіць, брэнд», – падкрэсліў прадпрымальнік з Маладзечна.

Актывіст з Салігорску Глеб Сандрас распавядае тонкасці вырабу крафтавых напояў у хатніх умовах. З яблычнага соку ён стварыў кальвадос, а з кока-колы – самагонку з адпаведным смакам. Ці адпавядае ягоная прадукцыя «нацыянальным традыцыям», Глеб не ведае, але спадзяецца, што вырабляць напоі дазволяць не толькі аграсядзібам.

«Гэта нейкі пазітыўны крок і добрая навіна на тле таго, што адбываецца ў Беларусі, і хацелася, каб у далейшым проста дазволілі людзям у прыватным парадку рабіць і частаваць сяброў», – Глеб Сандрас.

Між тым апытанне паказвае, што больш за 80 адсоткаў нашы гледачоў перакананыя: улады змянілі закон, каб заліць самагонам вочы народу. 11 адсоткаў мяркуюць, што так перапісваюць самагоншчыкаў.

Антон Каменскі, «Белсат»