Што будзе з ПВК Вагнэра без Прыгожына?


Самая гарачая тэма дня – імаверная смерць Яўгена Прыгожына, кіраўніка ПВК Вагнэра. Вядома, што на тэрыторыі Беларусі застаецца лагер наймітаў. Чым яны зоймуцца, страціўшы правадыра, і як гэта паўплывае на сітуацыю з бяспекай у Беларусі і агулам у нашым рэгіёне?

Лагер вагнэраўцаў у Беларусі менш як за месяц прыкметна «схуднеў» – сведчаць апублікаваныя сёння спадарожнікавыя здымкі. А што з ім будзе далей, пасля меркаванай гібелі Яўгена Прыгожына? Бізнес-джэт, у спісе пасажыраў якога быў Прыгожын, разбіўся ў Расеі. Улады і крыніцы ў ПВК Вагнэра кажуць пра гібель правадыра наймітаў.

«Для мяне відавочна адно: у Расеі пачынаецца чарговы вялікі перыяд турбулентнасці і смуты. І гэта, вядома, у пэўнай ступені накрые і Беларусь», – мяркуе Валерый Сахашчык, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе абароны і нацыянальнай бяспекі.

Вайсковы аналітык Міхайла Самусь у самастойнасць ПВК, аднак, не верыць. «Гэта частка сістэмы – сістэмы спецслужбаў, алігархату, фактычна мафіёзнай дзяржавы. Бо толькі ў мафіёзнай дзяржаве збіваюць адзін аднаго зенітна-ракетнымі комплексамі», – кажа Міхайла Самусь.

Сумняецца ў перспектывах групы Вагнэра і журналіст Дзяніс Караткоў, які даўно вывучае яе дзейнасць.

«Якую субʼектнасць можа мець група наймітаў без наймальніка і кіраўніка? Ніякай. Што яны могуць? Пашумець, пахуліганіць, пастраляць у паветра, выпіць за спачын душы гаспадара і пайсці наймацца ў іншае месца», – разважае Дзяніс Караткоў.

Вагнэраўцаў, імаверна, паспрабуюць інтэграваць у структуры Мінабароны Расеі, як таго дамагаўся Шайгу, мяркуе ваенна-палітычны аглядальнік групы «Інфармацыйны супраціў» Аляксандр Каваленка.

«Адбудзецца працэс інтэграцыі. І я не выключаю, што праз пэўны час ПВК Вагнэра ў абноўленым фармаце вернецца на тэрыторыю Украіны, каб браць удзел у вайне», – прагназуе Аляксандр Каваленка.

Беларусь можа застацца базай для выезду часткі баевікоў у Афрыку – дадае эксперт. Смерць Прыгожына не зменшыць пагрозы з беларускага боку – мяркуе прэмʼер Польшчы Матэвуш Маравецкі. Міхайла Самусь глядзіць на сітуацыю інакш.

«З пункту гледжання аперацыяў супраць Украіны, Польшчы і Літвы, мне здаецца, узровень пагрозы рэзка знізіцца. Бо шойгінцы не змогуць арганізаваць такія рэчы – у іх няма здольнасцяў», – кажа Міхайла Самусь.

Затое асабіста для Лукашэнкі падзеі ў Цвярской вобласці, імаверна, трывожны знак.

«Гэта, безумоўна, выразны сігнал для ўзурпатара Лукашэнкі – які, дарэчы, даваў асабістыя гарантыі бяспекі Прыгожыну – пра тое, што адбудзецца з узурпатарам Лукашэнкам, калі ён вырашаць здрадзіць свайму гаспадару Пуціну», – заявіў прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінету, кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Беларуская армія не ўступіла ў вайну на баку Расеі, і Крэмль гэтым незадаволены, мяркуе Аляксандр Каваленка. Але не нагэтулькі, каб думаць пра ліквідацыю Лукашэнкі.

«А які сэнс, калі і так зразумела, што вайна прайграная? Адпаведна гэта не нагода, каб яго прыбіраць. Лукашэнка за ўсе гэтыя гады паказаў, што не нагэтулькі гатовы да самагубных крокаў, калі не адчувае ўпэўненасці. Таму ён будзе асцярожнейшым за таго самага Прыгожына», – кажа Аляксандр Каваленка.

Асабіста каментаваць гібель Прыгожына Лукашэнка не спяшаўся. Сёння ён удаваў, што цалкам захоплены тэмай драўніны і піламатэрыялаў.

Валянцін Васіленка, «Белсат»