«Я не хачу размаўляць з тэлеканалам «Белсат»! ГУБАЗіКавец выстраліў у дзіця?


Новыя падрабязнасці страляніны ў сталічным жылым комплексе «Каскад». На 16-гадовага падлетка, які стаў ахвярай міліцэйскага сваволі, завялі крымінальную справу. Паводле звестак «Нашай Нівы», дзіця застаецца пад канвоем у вайсковым шпіталі – куля трапіла ў нагу, ужо зрабілі дзве аперацыі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

А вось экс-начальнік ГУБАЗіКу Андрэй Паршын, які, імаверна, і выстраліў у падлетка, дагэтуль не затрыманы. Справы ён не каментуе, а медыі, якія высвятляюць сітуацыю, назваў «бандыцкімі і фашысцкімі».

Жылы комплекс «Каскад», недалёка ад станцыі метро «Маладзёжная». Малады раён, вядомы пратэставай актыўнасцю ў 2020-ым.

21-га чэрвеня, паводле звестак «Нашай Нівы», якія пацвярджае тэлеграм-канал «Nexta», у гэтым раёне экс-начальнік ГУБАЗіКу Андрэй Паршын з мацюкамі дачапіўся да кампаніі дзяцей, якія бавіліся ў двары, ды намагаўся іх прагнаць.

Наймалодшаму з дзетак было 11 гадоў. Найстарэйшы з кампаніі, 16-гадовы Яўген, адказаў, што «яны жывуць у свабоднай краіне, і вольныя выбіраць лавачку». Паршын на гэта адказаў гвалтам:

«Ухапіў за майку, разарваўшы яе адным рухам, даў хлопцу па твары. Але Яўген – кандыдат у майстры спорту па веславанні, спартовы хлопец. Ён знайшоў аргумент у адказ, у выніку чаго Паршын апынуўся на зямлі. Падняўшыся, пачаў шмаляць з пісталета ў дзяцей», – распавёў у каментары «Нашай Ніве» сведка страляніны.

16-гадовы Яўген быў паранены ў нагу, але менавіта на яго завялі крымінальную справу паводле артыкулу «хуліганства». Ноччу ў кватэру сям’і, паводле «Нашай Нівы», уварваліся з ператрусам губазікаўцы. Цяпер хлопец у вайсковым шпіталі, дзе прайшоў дзве аперацыі.

«Тое, што чалавек там знаходзіцца, на жаль, можа выкарыстоўвацца не толькі для таго, каб яго там лячыць, але і для таго, каб пазбавіць туды свабоднага доступу адваката», – зазначае юрыст Міхаіл Кірылюк з Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Іншых дзяцей звезлі на міліцэйскіх машынах і пачалі запужваць, каб яны нікому нічога не распавядалі, бо інакш іх чакае турма. Паршына ж ніхто не затрымаў, але паводле «Нашай Нівы», у яго ад сутычкі з падлеткам – страсенне мозгу. Мы намагаліся паразмаўляць з міліцэйскім начальнікам, на тэлефонны званок адказала ягоная жонка:

– Спадарыня Наталля, ці вы чулі пра вельмі гучную, страляніна…

– З кім я размаўляю?

– Вітаўт Сіўчык, тэлеканал «Белсат».

– Я не хачу размаўляць з тэлеканалам «Белсат»!

– Але вы чулі, што ваш муж страляў у дзіця?

Нашыя калегі з «Зеркала» датэлефанаваліся непасрэдна да Паршына, але замест размовы экс-кіраўнік ГУБАЗіКу назваў іх, цытата, «бандыцкім, фашысцкім і злачынным каналам» і кінуў слухаўку.

«Напэўна, яму няма чаго сказаць. Напэўна, ён не можа, нават такі высокі кіраўнік ГУБАЗіКу, нічога прыдумаць у сваё апраўданне. Бо тут усё занадта відавочна», – кажа юрыст Міхаіл Кірылюк.

Артыкул 29-ты закону аб міліцыі наўпрост забараняе выкарыстоўваць зброю ў дачыненні непаўналетніх, а трэцяя частка 426-ага артыкулу Крымінальнага кодэксу – перавышэнне службовых паўнамоцтваў, сумешчанае з гвалтам, – прадугледжвае пакаранне да 10-ці гадоў зняволення. Раней Паршын публічна застрашваў беларусаў. Вось што ён заявіў летась у каментары СТВ:

«Адкрыта скажу: я не зайздрошчу тым асобам, якія пасмеюць замахвацца на супрацоўніка міліцыі. Мала не падасца. Адразу папярэджваю: наступствы будуць для вас катастрафічныя».

Менавіта тое, што Паршын узначальваў летась ГУБАЗіК, і паспрыяла ягонаму пачуццю беспакаранасці – на ягоных вачах штодня катавалі беларусаў, ён жа ставіў задачы новых рэпрэсіяў, кажа прадстаўнік BYPOL Аляксандр Азараў:

«Ён уяўляе сябе царом, які вырашае лёсы беларусаў. І тут, калі ён быў у адпачынку, ён ішоў у двары, яму не спадабаліся падлеткі, ён зрабіў ім заўвагу, і яны яму адказалі, – ён быў, я так разумею, вельмі глыбока абураны гэтым: як такое можа быць? Калі гэтых падлеткаў апошнія два гады ён бачыў у слязах, у кайданках стаялі, груба кажучы, ракам, у пакаяльных відэа, а тут яны пасмелі так з ім паступіць».

Адметна, што да ГУБАЗіКу Андрэй Паршын узначальваў упраўленне ўласнай бяспекі, якое тэарэтычна мусіла затрымліваць злачынцаў у пагонах. Але замест гэтага ведамства пачало хапаць грамадзянаў, якія пісалі каментары з крытыкаю ягоных супрацоўнікаў.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»