Топ камунальных праблемаў беларусаў і як іх развязаць


Ямы на дарогах і адсутнасць асвятлення ў грамадскіх месцах – гэта галоўныя камунальныя праблемы, з якімі беларусы звяртаюцца ў службу «115». У Міністэрстве камунальнай гаспадаркі адзначылі, што яны атрымоўваюць не толькі скаргі, але і іншыя каментары. Толькі не ўдакладнілі, якія. Чаму некаторыя праблемы не пераадольваюцца гадамі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Вось, сябры мае, рэаліі, дарожныя рэаліі», – беларус дзеліцца сваімі ўражаннямі ад выгляду аўтамабільнай дарогі з Полацку ў кірунку Расеі. Камунальнікі, відавочна, у курсе рэальнага стану беларускіх трасаў і плануюць сёлета правесці ямкавы рамонт 4,5 млн квадратных метраў дарожнага пакрыцця. Гэта на 30% болей за леташнія паказнікі, тады за год аднавілі 3 млн квадратных метраў. Такія лічбы падае намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віталь Смірноў у інтэрв’ю тэлеканалу СТВ:

«Прынятае рашэнне аб дадатковым фінансаванні, то бок парадку 100 мільёнаў ужо вылучана фінансавых сродкаў, каб выканаць працы ямкавага рамонту, якія запланаваныя на бягучы год».

Паводле чыноўніка, патрабаванне ямкавага рамонту ўваходзіць у топ найчасцейшых зваротаў грамадзянаў за першы квартал бягучага года. Акрамя гэтага беларусы наракаюць на нізкую тэмпературу гарачай вады, кепскае асвятленне ў падʼездах і ў дварах. Але ў інтэрнэце людзі пішуць аб праблемах, якія не развязваюцца гадамі.

Жыхары Слуцку паведамляюць, што «на вуліцы Маладзёжная, 13 рэкі бягуць». У Слуцкай жыллёва-камунальнай гаспадарцы не адмаўляюць, што ў курсе сітуацыі, але не іхная зона адказнасці – пытанні затаплення:

«Ну, гэтай праблемай займаецца “Водаканал”, у іх рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў. Таму пакуль часова такія цяжкасці».

А вось у віцебскіх камунальнікаў не даходзяць рукі да рамонту сходаў на вуліцы Фрунзэ. Мясцовыя жыхары кажуць наступнае:

«Людзі ломяць тут не толькі ногі, людзі лятаюць тут, як будучыя Гагарыны. Далей – лепей, далей – гэта каб зляцець у стратасферу ўвогуле».

Не першы год магілёўцы мусяць спускацца да ракі Дубравенкі па разбітых сходах. На гарачай лініі ЖКГ нас перанакіравалі:

«Пазваніце, калі ласка, па нумары 115, пакіньце заявачку з дакладным адрасам, дзе знаходзіцца гэтая лесвіца. Служба “115” павінна вызначыць эксплуатуючую арганізацыю і адправіць заяўку».

За першы квартал у службу «115» паступіла больш за мільён заявак наконт праблемаў у жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Але чыноўнікі прызнаюць, што пераадоленне праблемаў можа заняць даўжэйшы за вызначаныя тэрміны час. У такіх сітуацыях варта звяртацца ў службу абароны правоў спажыўцоў, якая працуе пры выканкамах, раіць праваабаронца Павел Левінаў:

«Не забывайце, што раз на 4 гады вас прымушалі галасаваць за некіх дэпутатаў мясцовых саветаў. Даведайцеся, хто ваш дэпутат, якраз такія дэпутаты мясцовых саветаў мусяць вырашаць гэтыя праблемы, бо яны фармуюць мясцовы бюджэт, яны кантралююць выкананне мясцовага бюджэту».

І калі на жыллёва-камунальную гаспадарку грошы не заўсёды знаходзяцца, то сябе чыноўнікі не крыўдзяць. Гэтак, згодна з тэндарам на сайце дзяржзакупаў, Віцебскі аблвыканкам выдаткаваў Br 328 949,89 на рамонт ганку і лесвіцы свайго будынку. Амаль на 60 тысяч рублёў ацэнены праект рамонту.

«На камунальную гаспадарку ў нас ёсць тэндэнцыя, што кожны год бюджэт павялічваецца, але як ён расходуецца, на якія артыкулы, на якія задачы – тут казаць складана. Грошы ёсць, пытанне, як іх расходуюць, – гэта ўжо зусім іншае пытанне. На жаль, паўплываць на гэта вельмі складана і прыцягнуць да адказнасць амаль немагчыма», – каментуе грамадскі дзеяч Валер Сляпухін.

Раней у развязанні такіх праблемаў дапамагалі публікацыі ў медыях. Аднак пасля закрыцця рэдакцыяў большасці незалежных СМІ ў нашай краіне…

«Безадказнасць і непадсправаздачнасць чыноўнікаў на ўсіх узроўнях цяпер выходзіць на больш высокі ўзровень. Калі ёсць разуменне ў чыноўнікаў, што незалежна ад таго, якое рашэнне яны будуць прымаць, для людзей або для сябе, усё роўна ніякіх праблемаў для саміх чыноўнікаў не ўзнікне», – мяркуе грамадскі дзеяч Валер Сляпухін.

І ўсё ж засталіся шляхі, каб пераадолець праблему. Калі адказныя структуры не рэагуюць на заявы грамадзянаў, можна звярнуцца ў Камітэт дзяржаўнага кантролю і пракуратуру. І нават давесці справу да суда.

«Калі мы будзем напружваць суды нашымі жыццёвымі пытаннямі і праблемамі, то ў іх можа быць будзе менш заставацца часу на палітычныя. Гэта раз, а з другога боку, тады, можа быць, суддзі задумаюцца, што ў нас і такая праблема існуе», – мяркуе праваабаронца Павел Левінаў.

Таксама нашыя суразмоўцы раяць лепш рабіць калектыўныя звароты, а не індывідуальныя. Бо на масавыя позвы чыноўнікі рэагуюць хутчэй і могуць ахвотней пачынаць камунікацыю.

Аліна Скрабунова