У Кіеве з’явіцца вуліца Караткевіча


Імя Уладзіміра Караткевіча з’явіцца на шыльдах кіеўскай вуліцы ў Пячэрскім раёне. Прапановы экспертнай камісіі і грамадскасці зацвердзіла Кіеўская гарадская рада.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Цяпер ідзе важная працэдура, якую мы назвалі дэрусіфікацыяй. І шмат плошчаў, вуліцаў, бульвараў праходзяць працэс перайменавання. Усе кіяўляне – актывісты, дэпутаты – маюць права падаць свае прапановы наконт такой дэрусіфікацыі», – распавядае дэпутатка Кіеўскай гарадской рады Алеся Пынзэнык.

Зыніцыяваў перайменаванне ўкраінскі літаратар і перакладчык Вячаслаў Лэвіцкі, які вывучае творчасць і біяграфію Караткевіча. А пазней ідэю падтрымалі кіяўляне падчас грамадскага галасавання.

«Хачу, каб гэтае перайменаванне сталася сведчаннем павагі і ўдзячнасці палку імя Кастуся Каліноўскага, беларускім партызанам і ўсім вольных духам беларусам, якія знаходзяць магчымасць дапамагаць украінцам», – спадзяецца ўкраінскі літаратар і філолаг Вячаслаў Лэвіцкі.

Яшчэ адная важная мэта ініцыятывы – падтрымаць добрыя стасункі паміж украінцамі і беларусамі. Так, Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялогіі апублікаваў апытанне, у якім толькі два адсоткі ўкраінцаў лічаць беларусаў гістарычна блізкімі. Нават менш, чым расейцаў.

Тым не менш, нават Уладзімір Караткевіч звязвае народы Беларусі і Украіны. Пісьменнік вучыўся ў Кіеве і працаваў там у школе. У сваіх творах захапляўся Украінаю. Украінцы, якія жывуць каля будучай вуліцы Караткевіча, падзяліліся, як ставяцца да пастановы:

«Добра, я лічу, што ў Беларусі таксама ёсць добрыя людзі. Таму я нічога супраць не маю. Калі гэта добры чалавек, я не супраць».

«Не ведаю гэтага прозвішча, але стаўлюся нармальна».

«Нейтральна стаўлюся. Калі не будуць пераймяноўваць вуліцаў аднолькавымі назвамі, як напрыклад Талстога. І праз гэта людзі не будуць блытацца, то добра».

Што ж да стаўлення ўкраінцаў да беларусаў – два тыдні таму Цэнтр Разумкова апублікаваў даследаванне на гэтую тэму. 80% украінцаў выказаліся негатыўна. І толькі дзясятая частка апытаных настроеная пазітыўна.

Але трэба падзяляць рэжым і народ, кажа дэпутат Кіеўскай гарадской рады Алеся Пынзэнык:

«Мы бачым беларусаў, якія ваююць за незалежнасць Украіны, бачым партызанаў, якія падрываюць рэйкі, таму гэта даніна павагі тым сапраўдным беларусам, якія падтрымліваюць нас у такой нялёгкай барацьбе. Караткевіч – ён тут жыў, ён наўпрост звязаны з Кіевам, ён тут вучыўся, пісаў свае нарысы пра Кіеў. Гэта не такі чалавек, які навязваецца Кіеву, ён непасрэдна звязаны з Кіевам».

Мясцовасць, дзе пераймянуюць вуліцу, Уладзімір Караткевіч таксама любіў. Менавіта тут адбываюцца кульмінацыйныя падзеі аповесці «Лісце каштанаў». Цяпер частку вуліцы займае элітная забудова, ёсць замежныя амбасады.

Пакуль жа шыльды на ёй падпісаныя імем Мікалая Дабралюбава, расейскага літаратурнага крытыка.

У Менску таксама ёсць вуліца Караткевіча, але Дзмітрыя, чальца камуністычнае партыі. У Беларусі вуліца ў гонар нашага класіка ёсць толькі ў Воршы, на радзіме Уладзіміра Караткевіча.

«Калі мы паглядзім на сённяшнюю Беларусь, то гэта не Быкаў, не Караткевіч, не Адамовіч, не князі Вялікага Княства Літоўскага. Гэта асобы з камуністычнага мінулага і часткова з расейскага мінулага – вось гэта і ёсць сённяшнія арыенціры ўлады Беларусі. Вядома, гэта ўплывае, уплывае таксама і на людзей», – абураецца гісторык Аляксандр Фрыдман.

Да таго ж, ва Украіне рады некалькіх гарадоў перайменавалі вуліцы ў гонар Кастуся Каліноўскага. Гэта Кіеў, Мукачава, Роўна. Але і Беларусь мае восем гарадоў з вуліцамі ў гонар аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863 года.

Яна Шэк, «Белсат»