Расея ўварвалася ва Украіну, у тым ліку з боку Беларусі. Беларусы скупаюць бензін і валюту


Лукашэнка сустрэў вайну з тэлефонам у руцэ. Маўляў, а 5-й раніцы размаўляў з Пуціным. А 9-й ужо даваў парады вайскоўцам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Кажа «Нічога не здарылася», але пры гэтым падлічвае вайсковы кантынгент на беларуска-ўкраінскіх межах. На ўсходзе краіны, а гэта Гомельскі раён, па ўсім перыметры стаяць 5 батальённа-тактычных групаў і сіл спецаперацыяў. Са словаў Лукашэнкі, рыхтуюцца да правакацыяў з боку Украіны.

Гэткая рыторыка Лукашэнкі абумоўленая тым, што ён больш нічога не кантралюе, лічыць палітолаг Валер Карбалевіч.

«Не тое што ў Лукашэнкі не пытаюць дазволу на выкарыстанне беларускай тэрыторыі, а нават не інфармуюць. Як ён сказаў, што “Ну вось я даведаўся са СМІ, што магчыма, расейскія вайскоўцы выкарыстоўваюць беларускую тэрыторыю”. То бок, кіраўнік дзяржавы нават не кантралюе сітуацыю», – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

Афіцыйна ад памежнай службы Украіны: Расея напала ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі: здзейсніла прарыў мяжы.

«Мы выдатна бачым, што публікуецца: паводле афіцыйных паведамленняў нашага генеральнага штабу, адбітыя былі атакі і ў Чарнігаўскай вобласці, і ў Кіеўскай вобласці. Цяпер ідзе адбіццё атакі верталётнай», – распавядае ўкраінскі палітолаг Андрэй Рудык.

У першай палове дня пра абстрэл з боку Беларусі паведаміў галоўнакамандуючы Узброеных сілаў Украіны Валер Залужны.

«З тэрыторыі Рэспублікі Беларусь выпушчаныя 4 балістычныя ракеты ў паўднёва-заходнім кірунку», – паведаміў на ўласнай старонцы ў Фэйсбуку галоўнакамандуючы Узброенхы сілаў Украіны, генерал-летэнант Валер Залужны.

Гэтак развівалася сітуацыя цягам усяго дня. Памежная застава«Сенькова»– больш вядомая беларусам як «Тры сястры». Агнямётная сістэма ТОС-1А «Солнцепёк», мінімум чатыры танкі Т-25В, цягачы МТ-ЛБ і цяжкавікі «Урал» уваходзяць на тэрыторыю Украіны з боку Беларусі.

Гомельская вобласць, горад Мазыр, 9 верталётаў Мі ляцяць у кірунку ўкраінскай мяжы.

Гомельскі рэгіён, траса Брагін – Хойнікі. Перакрылі пад узлёт верталётаў.

Зноў жа Брагінскі раён. Калона вайсковай тэхнікі рухаецца ў бок «Прыпяці».

І непасрэдна горад Гомель. 50 аўтамабіляў, у тым ліку медычнай дапамогі. Ва ўсіх расейскія нумары.

А гэта цэнтральны гарадскі вакзал. На здымках – расейскія жаўнеры.

«Калі гаворка пойдзе пра наземную аперацыю, то, сапраўды, беларуская тэрыторыя будзе задзеяная, і сапраўды тады ў Гомельскай вобласці з’явіцца вялікая колькасць вайскоўцаў. Гэта будзе зона баявых дзеянняў, гэта будзе прыфрантавая зона», – лічыць палітолаг Валер Карбалевіч.

Хоць Лукашэнка і кажа, што беларуская армія ў баявых дзеяннях не ўдзельнічае, мы вырашылі запытацца ў нашых гледачоў: ці заклікаюць іх да мабілізацыі? 5 адсоткаў адказалі станоўча, значна больш за палову, што не, і астатнія пра гэта штосьці чулі. А вось што нам напісалі ў каментарах.

«Сярод майго асяроддзя толькі хлопчыка 18 гадоў выклікалі ў ваенкамат. Ён – сірата. Яму далі адтэрміноўку, але вось выклікалі».

«У Гомлі мабілізацыя медыкаў, пераабсталяванне карэтаў хуткай дапамогі і спіскі медыкаў. У знаёмай муж працуе там. У іншай знаёмай зяць вайсковец. А 5-й раніцы выклікалі», – пісалі гледачы ў тэлеграм-канале.

Беларусы займаюць чэргі ў абменныя пункты і эвакуююцца з памежных вёсак Гомельскай вобласці. У Лельчыцах скупляюць бензін на заправачных станцыях, паведамляюць нашыя крыніцы.

«Трэба захоўваць спакой. Лепш, канечне, яго захоўваць, калі ў цябе спакаваная трывожная валіза, калі ты ведаеш, дзе твае дакументы. Яны мусяць быць у воданепранікальным пакеце, павінныя быць там наяўныя грошы, павінныя там неабходныя лекі, на той выпадак, калі ў першы час, які вы можаце быць па-за межамі магчымасцяў, дастаць. І мая парада – рабіць так, каб вашая інфармацыйная гігіена была ў парадку», – дае парады заснавальнік фонду салідарнасці «Bysol» Андрэй Стрыжак.

Ад самай раніцы каманда «Bysol» працуе ва ўзмоцненым рэжыме – столькі заявак на эвакуацыю. Цяпер не толькі з Беларусі, але і з Украіны.

«Мы стараемся засяродзіцца толькі на беларусах, таму што ёсць іншыя структуры, якія дапамагаюць украінцам. Не бярэм на сябе адказнасці выратаваць усіх, але, калі ёсць магчымасць і калі ёсць такая мэтазгоднасць, то, канечне, стараемся дапамагчы тым людзям, якім можам дапамагчы», – тлумачыць Андрэй Стрыжак.

Як стала вядома на гэты час, Мазырская гарадская больніца прымае параненых Узброеных сілаў Расеі.

Надзея Бельская, «Белсат»