Міхал Анемпадыстаў – чалавек, які адкрыў колер Беларусі


Пяць гадоў без стваральніка «Народнага альбому». З дзяцінства ён марыў адкрываць новыя краіны, у выніку адкрыў для нас невядомую Заходнюю Беларусь, стварыўшы тэксты да легендарнага «Народнага альбому». Пяць гадоў няма з намі мастака і паэта Міхала Анемпадыстава.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Шмат хто з нас вырас на ягоных тэкстах да песняў рок-гуртоў «Мроя», «NRM», «Новае неба». Шмат хто адкрываў для сябе Беларусь, дзякуючы ягоным дызайнерскім праектам, выставам, фотаальбомам, лекцыям.

Міхал Анемпадыстаў у сваёй творчасці кіраваўся любоўю да Беларусі. З ягонаю смерцю ў студзені 2018-га мы страцілі не толькі паэта, мастака і дызайнера, але і сапраўднага патрыёта. Адметна, што рос будучы творца ў расейскамоўнай сям‘і, але, захапіўшыся Караткевічам, вывучыў беларускую мову. Манерамі ж нагадваў герояў гэтага пісьменніка.

«Выкшталцоны інтэлігент з іскрыстым гумарам. Вельмі добры, мяккі, прыгожы», – успамінае пра Міхала Анемпадыстава салістка гурта «Kriwi» Вераніка Круглова.

Як літаратар ён вылучаўся крэатыўнасцю. Міхал Анемпадыстаў кіраваўся правілам не хадзіць у чарадзе, а здзіўляць суайчыннікаў адкрыццём новага і нязвыклага. У сярэдзіне 1990-ых стварае тэксты да першага ў гісторыі беларускай рок-музыкі супольнага музычнага праекту «Народны альбом», праз які паказвае свет кантрабандыстаў і шляхцюкоў, шпіёнаў і жаўнераў. Сюжэт пераносіць нас у 20-30-ыя гады мінулага стагоддзя, у Заходнюю Беларусь, а менавіта – Ракаў, блізу якога праходзіла мяжа з Савецкай Беларуссю.

«Калі я набыў гэтую касету, то праз яе і пазнаёміўся з творчасцю Міхала і з той яго беларускай мовай, якой нас не вучылі ў школе», – успамінае кіраўнік Беларускай культуры Сяргей Будкін.

На фестывалі «Рок-каранацыя – 1997» гэты музычны праект прызналі альбомам года. Гастролі з поспехам праходзілі ў Польшчы і Францыі. А ў 2016-ым на сцэне Падляскай оперы і філармоніі ў Беластоку паўстаў рэмейк «Народнага альбому» ў адмысловай пастаноўцы.

У 2000-ых гадах Міхала Анемпадыстава зацікавіла новая тэма: ён пачаў рыхтаваць унікальны фотаальбом «Колер Беларусі». У пошуках нашага аўтэнтычнага колеру ён фатаграфаваў стрэхі, платы, гладышы, старадаўнія дамы. Па словах паэта і перакладчыка Алеся Аркуша, у Міхала Анемпадыстава была «абсалютна нечаканая выснова, што асноўны колер Беларусі – гэта шэры. Гэта колер ільну, колер сядзібаў».

Шмат гадоў Міхал Анемпадыстаў супрацоўнічаў з тэлеканалам «Белсат», ствараючы для праграмаў графічныя афармленні. Намеснік дырэктара тэлеканалу «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі зазначае:

«Тут дастаткова згадаць “Беларускі свет”, “Сведкі”, “ПраСвет”. Гэтаксама вельмі істотныя, вялікія працы. Гэта хаця б праца пры міжнародным праекце “Тэрыторыя праўды”. Гэты праект быў асабліва цікавы для Міхала Анемпадыстава, бо там сусветныя эксперты абмяркоўвалі месца Беларусі ў Еўропе».

Міхалу Анемпадыставу балела нацыянальная інертнасць беларусаў. Абураўся тым, што ўлады знішчаюць абарончыя муры Гарадзенскага замку. Засмучаўся, што ў нашых гарадах пануе кепскі густ і эклектыка.

« Праблема ўсіх беларускіх гарадоў у тым, што яны незгарманізаваныя. Будынкі пафарбаваныя той фарбай, якая была, альбо якую выбраў гаспадар будынку. Так яно і атрымалася», – адзначаў Міхал Анепмадыстаў.

У пошуках гармоніі натхняўся вобразам Маці Божай Вастрабрамскай. Нездарма і сваёй улюбёнаю песняю лічыў прысвечаную гэтаму вобразу.

Вераніка Круглова, салістка гурта «Kriwi», успамінае:

«Апошняе, што Міхал мне напісаў, – гэта вялікі дзякуй за “Матку Боску Вастрабрамску”. Гэта было за два тыдні да смерці».

Творчая спадчына Міхала Анемпадыстава, не знішчаецца, як муры Гарадзенскага замку. На прасторах «YouTube» можна глядзець ягоныя лекцыі, чытаць вершы і любавацца мастацкімі працамі, а новае пакаленне беларусаў натхняецца ягоным «Народным альбомам».

Васіль Дранько-Майсюк, «Белсат»