Кітай – новы лідар аўтамабільнага рынку


За першае паўгоддзе з Паднябеснай экспартавалі больш за 2 мільёны 300 тысяч аўтамабіляў – амаль на 77 адсоткаў болей як летась. Да росту спрычыніліся былыя гегемоны – Японія і Нямеччына, якія пакінулі расейскі рынак праз вайну ва Украіне. Гэтак, кітайскі аўтаэксперт у Расею вырас у сем разоў. Цяпер кожная другая новая машына ў Расеі – кітайскай вытворчасці.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Расейцам больш няма адкуль імпартаваць аўтамабілі. Сваёй вытворчасці фактычна няма. Былі Еўропа і Кітай. Еўропы цяпер няма, застаўся толькі Кітай. На нечым ездзіць трэба, таму Кітай атрымлівае такое прэферэнцыяванае становішча на расейскім рынку», – тлумачыць эканаміст, спецыяліст у міжнародных эканамічных стасунках Алесь Чайчыц.

Лідаруюць кітайцы і на рынку электракараў. Сёлета экспарт у Еўропу падвоіўся і склаў 8 адсоткаў рынку. Да росту спрычыніліся рэформы ў Еўразвязе, дзе цягам 15-ці гадоў плануюць усіх перасадзіць на электрамабілі. Кітайскія мадэлі ў сярэднім на 20 адсоткаў таннейшыя за еўрапейскія аналагі за кошт велізарных дзяржаўных субсідыяў. Еўракамісія пачала расследаванне, вынікам чаго могуць стаць дадатковыя мыты для кітайскіх электрамабіляў. Наколькі небяспечная залежнасць еўрапейскага рынку ад Кітаю?

«Утвараецца ўзаемная залежнасць. Заходні рынак будзе залежыць ад паставак кітайскіх электрамабіляў. А для Кітая будзе важны рынак збыту прадукцыі, бо гэта багатыя плацежаздольныя рынкі», – дадаў Алесь Чайчыц.

Кітайскія брэнды саступаюць у якасці і тэхнічных характарыстыках еўрапейскім ці амерыканскім, але маюць і свае перавагі – кажа аўтаэксперт

«Кітайскі рынак заваёўвае рынак сваімі опцыямі. На бюджэтных аўтах стаяць тыя ж прылады, што і на дарагой нямецкай машыне. Чалавек хоча вялікі манітор, дапамогі ў паркоўцы. Усё гэта ў кітайцаў ёсць», – заявіў аўтаэксперт Арцём Брыкач.

Не абмінула кітайская экспансія і Беларусі. З усіх новых прададзеных у краіне аўтаў тры чвэрці – вытворчасці «БелДжы». Кампанія прадала 8 тысячаў 770 аўтамабіляў. Ці можна гэта лічыць поспехам айчыннага аўтапраму?

«БелДжы» не з’яўляецца беларускім аўтамабілем. Больш за 75% аўтамабіля – кітайскія камплектуючыя», – паведаміў бізнесовец, вядоўца праграмы «Атмасфера» Аляксандр Кныровіч.

Татальнай кітаізацыі спрыяе прыход яшчэ аднаго брэнду – Hongqi (Хун-ці) кампаніі «FAW». Да канца года плануюць каля тысячы кросоўвэраў бізнес-класу сабраць у Беларусі. Ці здолее канкурэнт пахіснуць «БелДжы»?

«Палітыка гэтага новага брэнду вельмі адрозніваецца ад палітыкі «БелДжы». Hongqi у 2 разы даражэйшы, таму тут няма ніякага супастаўлення і падстаў для канкурэнцыі», – дадаў Аляксандр Кныровіч.

На сёння магутнасць кітайскага аўтапраму ацэньваюць на 10 мільёнаў машынаў за год. Гэта супастаўляльна з вытворчасцю аўтамабіляў у 27-мі краінах Еўразвязу.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»