Улады выдаткавалі 120 тысячаў рублёў на дапамогу прадпрымальнікам, але ці гэтага дастаткова?


Менгарвыканкам у пешым паўгоддзі выдаткаваў субсідыі для двух дзясяткаў суб’ектаў малога бізнесу. Малая і сума – 120 тысяч беларускіх рублёў, якія маюць пакрыць частку ўзятых іпэшнікамі крэдытаў і частку выдаткаў на выплаты па лізінгу. Што гэта за дапамога такая, каму канкрэтна? І самае галоўнае – ці агулам дапамагае прадпрымальнікам дзяржаўная палітыка?

Увага, конкурс! Грашовая дапамога ад Менгарвыканкаму для субʼектаў малога і сярэдняга бізнесу, якія ствараюць працоўныя месцы, вырабляюць імпартазамяшчальны прадукт ці ўкараняюць новыя тэхналогіі! Агульная сума субсідыяў – мільён сто тысяч рублёў. Першая група пераможцаў – 21 бізнес, а ўзнагарода – Br 120 тыc. на ўсіх, ці Br 5715 на кожнага пераможцу…

«Гэта нават не слёзы, а нейкая няўдалая піяр-акцыя на тыя € 34 тыс. еўра. Напрыклад, у гэтым годзе бюджэт толькі аднаго IT-бізнес форуму Latitude59 у Эстоніі склаў больш за € 1,2 млн, якія інвеставалі ў тры пераможцы гэтага конкурсу»? – параўноўвае фінансіст і эканаміст Віталь Алейнік.

На пачатак 2023 года ў Беларусі было зарэгістравана 146,1 тыс. юрыдычных асобаў. На 2 % больш, чым летась. У той жа перыяд лік індывідуальных прадпрымальнікаў знізіўся – на 4,2 % – да 251,1 тыс. Гэта вынікі зменаў у Падатковым кодэксе, якія меліся выраўняць падатковую нагрузку паміж усімі формамі гаспадарання.

Прадпрымальнік Зміцер Завадскі ўзгадвае, што праз змены ў заканадаўстве і падатковым уліку беларускі рэжым планамерна вынішчаў прадпрымальніцтва.

«Дыктатарская такая сутнасць дзяржавы, схільная кантраляваць паўсюль як людзей, так і фінансы. А прадпрымальніцтва, вядома – гэта такая больш вольная частка грамадства. Адпаведна разлічваць на нейкае падтрыманне ад дзяржавы прадпрымальніцтву не даводзіцца», – кажа Завадскі.

У развітых рынкавых эканоміках роля МСБ (малога і сярэдняга бізнесу) расце. У Еўразвязе ў валавым унутраным прадукце рэгіёну – сектар займае каля 55 %. У Беларусі доля МСБ змяншаецца: з 27 % адносна ВУП у 2021 годзе да 25,5 % летась. Калі падзенне працягнецца – наступствы зазнае эканоміка агулам, кажа Віталь Алейнік:

«Адная з галоўных роляў сектару малога і сярэдняга бізнесу – гэта канешне працаўладкаванне насельніцтва. І калі вярнуцца да лічбаў, то з 2010 да 2022 году здарылася драматычнае падзенне працаўладкавання ў гэтым сектары – на 13 %».

Гэта мінус 150 тысяч чалавек, што сувымерна насельніцтву Барысава.

Мізэрнае падтрыманне для малога і сярэдняга бізнесу – з аднаго боку і несупынныя субсідыі для дзяржаўных прадпрыемстваў – з іншага. Пры тым, што сярод апошніх 865 – стратныя.

Дэбіторская запазычанасць з пачатку года вырасла амаль на 6,8 %, крэдыторская – на 9,2 %, а даўгі за крэдыты – на 2,2 %. Агулам гэта Br 248 млрд рублёў.

У цывілізаваных жа краінах робіцца стаўка на развіццё прыватнага бізнесу, кажа Зміцер Завадскі, які эміграваў у Нямеччыну і звярнуўся там у цэнтр занятасці са сваёй бізнес-ідэяй.

«Мне вылучылі велізарную колькасць падтрымкі. Навучанне з індывідуальным коўчам. На працягу ўсяго некалькіх месяцаў яны дапамагаюць стварыць план, зразумець падатковую сістэму. І магчымасці па фінансаванні тут у Нямеччыне», – засведчыў стваральнік беларускага маркетплэйсу.

Гэта не заклік да рэлакацыі за мяжу, а толькі прыклад стаўлення да прадпрымальніка з боку дзяржавы, зацікаўленай у паспяховасці ягонага праекту.

Юлія Цяльпук, «Белсат»