Ці ўратуе «Zara» лёгкую прамысловасць?


Чаму б краме «Zara» не рэалізоўваць беларускую прадукцыю? Такую прапанову ў эфіры тэлеканалу СТВ зрабіў праўладны эканамічны аналітык Георгій Грыц.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Калі ты ўваходзіш на мясцовы рынак, у цябе мае быць прылавак ці прынамсі наменклатура беларуская. У абавязковым парадку», – заявіў Грыц.

«Гэта абсалютна добрая прапанова», – падтрымала гэтую ідэю старшыня канцэрну «Беллёгпрам» Таццяна Лугіна.

Але адмыслоўца ў пытаннях стратэгічнага іміджу і фэшн-журналістка Кацярына Гардзеева патлумачыла, што гэтая ідэя праваліцца, бо «Zara» мае свае патрабаванні да размяшчэння прадукцыі ды з адзеннем іншых брэндаў на паліцах наўрад ці пагодзіцца. Дый не ўсе беларускія вытворцы перабываюць у настолькі гаротным стане, каб выкарасквацца коштам «Zara».

«Не ўсё так кепска ў “Беллёгпраму”. Калі паглядзім маркі, што ўваходзяць у канцэрн, – там «Мілавіца», «Контэ», у якіх справы ідуць цудоўна, якія прадаюцца і без дырэктыўнай устаноўкі. У іх свае крамы, развітыя сацыяльныя сеткі, нармальная прадукцыя канкурэнтаздольная», – кажа Кацярына Гардзеева.

Іншая справа – адзенне. У беларускіх чыноўнікаў няма разумення, што мода – гэта бізнес.

«І трэба падыходзіць да яе, як да бізнесу, – з піяр-кампаніямі, з харошымі лінейкамі, з таварамі, што будуць змяняцца, з трэндавасцю. У нас гэтага няма», – перакананая Кацярына Гардзеева.

Змены ў галіне маюць быць радыкальнымі, бо сёння індустрыя моды ў Беларусі не развіваецца, прафесіі швейнай вытворчасці не ўваходзяць у пералік прэстыжных, існуюць праблемы з якасцю ваўняных тканінаў, пералічвае адмыслоўца. Чыноўнікі ж спрабуюць ратаваць сітуацыю іншымі метадамі. Гэтак, у 2021-м на патрабаванне «Беллёгпраму» крамам сэканд-хэнду ў Беларусі забаранілі гандляваць новым адзеннем, то бок стокавым.

«У “Zara” кожныя два тыдні – змена асартыменту. Калі б лёгпрам быў гатовы раз на два тыдні змяняць асартымент, то ім не патрэбныя былі б паліцы ў “Zara”, не патрэбна было б закрываць сэканд-хэнды і іншыя прыбамбасы, якія яны самі сабе прыдумваюць», – кажа блогер, бізнесовец і аўтар праграмы «Атмасфера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч.

Беларускім чыноўнікам прадукцыя «Zara» ці любога іншага замежнага брэнду не патрэбная, кажа Кацярына Гардзеева. Яны носяць беларускую вопратку. Але не тую, што набываюць у крамах беларусы:

«Беларускіх чыноўнікаў адшывае атэлье “Linea”, прэзідэнцкае атэлье. Там працуюць добрыя адмыслоўцы, яны працуюць з небеларускімі тканінамі. І можна сказаць, што іх вопратка зробленая ў Беларусі рукамі беларусаў, але гэта не тая вопратка, якая даступная, скажам, настаўніцы сярэдняй школы».

Яшчэ адна захада, як заявіла Таццяна Лугіна ў той жа праграме на тэлеканале СТВ, – «Беллёгпрам» збіраецца пашыраць рынак у Расеі, прынамсі дзесяць новых пунктаў да канца 2025-га года.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»