Ва Украіну вярнулі дзяцей, якіх вывезлі акупанты


Ва Украіну вярнулі яшчэ сямнаццаць дзяцей, раней вывезеных расейскай акупацыйнай адміністрацыяй. Нарэшце яны трапілі ў Кіеў, дзе змаглі пабачыцца з роднымі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Дзяніс Запарожчанка не бачыў дзвюх дачок і сына больш за паўгода. Бацька распавядае: калі Херсон быў пад акупацыяй, адміністрацыя школы прапанавала ягоным дзецям выехаць у летнік у анексаваным Крыме.

«Сказалі, што там будзе трохі спакайней, і дзеці паехалі туды. А праз тры дні ЗСУ пачалі наступ, выгналі іх, і дзеці засталіся на левым беразе», – кажа Дзяніс Запарожчанка.

Іна Верташ з траімі дзецьмі прыехала ў Кіеў з Херсонскай вобласці, каб нарэшце пабачыць свайго шаснаццацігадовага сына Віталя. Яго напярэдадні наступу ЗСУ на Херсоншчыне таксама вывезлі ў летнік на падкантрольнай акупантам тэрыторыі.

«Былі вельмі дрэнныя ўмовы і дрэннае стаўленне да дзяцей: пагрозы, шмат нюансаў было», – кажа ягоная маці Іна Верташ.

Агулам на падкантрольную Украіне тэрыторыю гэтым разам вярнуліся сямнаццаць дзяцей. Усе яны – жыхары Херсоншчыны. Акрамя Арцёма з Купянску Харкаўскай вобласці. Яго вывезлі ў гэтак званую ЛНР.

«Пачаліся прылёты. Потым прыехалі расейскія вайскоўцы, забеглі і пачалі крычаць, каб мы збіралі рэчы. Маўляў, выязджаем. І нас пасадзілі ў “КамАЗ” у прычэп. І мы сядзелі пад руляй аўтамата», – распавядае хлопец.

Расейцы пасля дэакупацыі Херсонскай і Харкаўскай вобласцяў адмаўляліся арганізоўваць вяртанне вывезеных дзяцей, кажуць у фондзе «Save Ukraine», які займаецца ўз’яднаннем дзяцей з іхнымі семʼямі. Таму праблему ўзялі на сябе бацькі.

«Трэба разумець, што гэта семʼі, якія месяцамі былі ў акупацыі ды ізаляцыі. Гэтыя людзі ўвесь час былі запалоханыя. Ці можна казаць, што бацькі самохаць аддалі сваіх дзяцей? Мне здаецца, большасць з іх дасюль не ўсведамляе, што адбылося і што яны маглі страціць сваіх дзяцей назаўсёды», – кажа Міраслава Харчанка, юрыстка фонду «Save Ukraine».

Для «Save Ukraine» гэта ўжо чацвёртая місія ў вяртанні ўкраінскіх дзяцей дамоў. Але працы яшчэ шмат. Паводле платформы «Дзеці вайны», расейцы дэпартавалі больш за 16 тысячаў няпоўнагадовых украінцаў. І гэта толькі дакладна пацверджаныя звесткі.

Паводле адкрытых крыніцаў у Расеі, колькасць такіх дзяцей можа перавышаць 700 тысячаў.

Марына Ступак, Дзмітрый Дзяркач, Валянцін Васіленка, «Белсат»