Колькі каштуе аднавіць «Вечны агонь»?


Мемарыял «Вечны агонь» у Гомлі плануюць аднавіць сёлета. За апошнія 7 гадоў – ужо трэці рамонт, які, паводле папярэдніх падлікаў, абыдзецца больш як у 17 тысяч рублёў. Навошта так часта выдаткоўваць грошы? З гэтым пытаннем з прыёмнай Гомельскага гарадскога выканаўчага камітэту нас накіравалі ў аддзел ЖКГ.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«У прыёмнай, магчыма, аддзел не гэты далі. Мы не курыруем гэтае пытанне бягучага рамонту. Пакіньце тэлефон – вам патэлефануюць».

На думку блогера-ўрбаніста Данііла Аленіюса, патрэба так часта рамантаваць такія аб’екты можа ўзнікаць, калі ў папярэднія разы ўсё робіцца хутка і без уліку важных момантаў:

«Асабліва калі аб’ект на нейкіх ухілах ці з няправільнай сістэмай адводу вады. Пачынае адбываецца ці карозія, ці ўвогуле знос мемарыяльнага комплексу. І потым зноўку трэба дадаваць кошты, каб гэта ўсё аднаўляць».

На фоне некаторых іншых ініцыятываў чыноўнікаў рамонт гомельскага мемарыялу падаецца не такім дарагім. Шмат хто дагэтуль памятае, як у тым жа Гомлі ў 2020-м адкрылі флагшток коштам амаль паўтара мільёна рублёў. А за 2 гады да гэтага – дзве грамадскія прыбіральні больш чым за 3 мільёны рублёў. І падобныя дарагія абʼекты, мяркуе грамадскі дзеяч Валер Сляпухін, будуць зʼяўляцца надалей:

«Гэта не ў залежнасці ад таго, што гэтыя аб’екты неабходныя гораду. Гэта сведчыць пра тое, што на такіх аб’ектах прасцей знайсці нейкую карысць. І неабавязкова ідэалогію. Бо ідэалогіі ў прыбіральнях, выбачайце, няма».

Сярод прычынаў выдаткоўвання грошай на абʼекты не першай неабходнасці эксперт называе лаяльнасць судовай улады і праваахоўнікаў да чыноўнікаў. Бо ў іншым выпадку нерацыянальнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў мусіла б зацікавіць следчыя органы.

«Але ў нас гэтага не адбываецца. Гэта сведчыць пра тое, што ўлада цесна камунікуе з так званымі праваахоўнымі органамі і замінаюць гэтыя пытанні на сваім уласным узроўні», – дадаў Валер Сляпухін.

Варта падлічыць: за сродкі, якія выдаткавалі на той жа флагшток, у 2020 годзе можна было б пакласці прыкладна 30 кіламетраў тратуарнай пліткі, паставіць 590 асвятляльных слупоў ці 5600 лавак. Ці зрабіць якасны дарожны рамонт. Тым больш у Гомлі, у параўнанні з іншымі абласнымі цэнтрамі, склалася крытычная сітуацыя з інфраструктурай, адзначыў Данііл Аленіюс:

«Даволі вялікая колькасць мастоў ці ў аварыйным стане, ці патрабуюць найбліжэйшым часам рамонту. Таксама ёсць праблемы з транспартам і гэтак далей».

Напрыклад, сельмашаўскі пуцеправод – мост у аварыйным стане, але працуе. І пакуль гомельцы чакаюць абноўленага мемарыялу «Вечны агонь», ім даводзіцца ездзіць праз калдобіны.

Ірына Юрʼева, «Белсат»