Як працуюць беларускія кантрабандысты?


Памежная ахова Польшчы фіксуе значнае павелічэнне аб’ёмаў кантрабанды з нашай краіны. Асабліва ўзрасло несанкцыянаванае паступленне цыгарэтаў. Летась нелегальнага тытуню з Беларусі выявілі на 24 мільёны злотых, або 6 мільёнаў долараў. У 2022 годзе было ў 12 разоў менш.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Рэжым Лукашэнкі мае патрэбу ў грошах і ён такім чынам вырашыў папоўніць дзіркі ў сваім бюджэце, – мяркуе кіраўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў. – За цыгарэты, якія ідуць на кантрабанду, не плоцяць акцыз. Гэтыя цыгарэты адразу з прадпрыемства перапрадаюць кантрабандыстам, якія ўжо праз свае схемы іх вывозяць за мяжу».

Цыгарэты ўвозяць праз адкрыты грузавы пункт пропуску на беларуска-польскай мяжы. Звычайна іх хаваюць у грузах драўніны, вугалю, солі, у ахоўных пакрыццях вагонаў-цыстэрнаў – справаздачыцца Памежная ахова Польшчы.

«Гэта кажа пра тое, што кантрабандысты працуюць непасрэдна з машыністамі цягнікоў. Вядома, яны ведаюць што да іх загружаецца. Не думаю, што пра гэта ведае прадпрыемства, якое адгружае сам вугаль, усё вырашаецца непасрэдна з начальнікам цягніка», – мяркуе Аляксандр Азараў.

Згодна з Беларускім расследавальніцкім цэнтрам, на практыцы гэта можа выглядаць крыху інакш. Цыгарэты з заводу ў Горадні або Менску прывозяць на беларускае прадпрыемства, што працуе на экспарт. Цыгарэты хаваюць у вагоне з гатоваю прадукцыяй, які потым пламбуюць. Калі махлярам пашчасціць, груз цыгарэтаў трапіць у Польшчу або іншую памежную з Беларуссю краіну, адкуль яго потым распаўсюдзяць па тэрыторыі Еўразвязу і не толькі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія цыгарэты знайшлі ў цягніках у Літве.
Фота: pasienis.lt

«Тут гулец не адзін канкрэтны завод, не адзін дырэктар нейкага заводу, – разважае кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч. – Відавочна, гульцы – беларуская дзяржава і Мінпрам. Мы бачым, што схемы абыходу санкцый становяцца ўсё смялейшымі і маштабнейшымі, у тым ліку з гэтым можа быць звязанае павелічэнне імпарту ў Польшчу нелегальных цыгарэтаў».

Схема не новая, хіба што пасля ўвядзення санкцыяў яе рэалізацыя крыху ўскладнілася.

«Гарадзенская тытунёвая фабрыка “Нёман” хранічна рабіла значна больш цыгарэтаў, чым складала афіцыйнае спажыванне і афіцыйны экспарт. Калі гэтая інфармацыя з Белстату пачала публікавацца, а СМІ пачалі інтэрпрэтаваць, што гэта падтрымка нелегальнаму экспарту з боку беларускіх уладаў, то тыя інфармацыю засакрэцілі», – кажа Станіслаў Івашкевіч.

Польскія памежнікі ацэньваюць агульны кошт кантрабандных тавараў, выяўленых летась на мяжы з Беларуссю, Расеяй і Украінай, амаль на 50 мільёнаў злотых, або 12 з паловаю мільёнаў долараў. Цыгарэты разам з іншымі нелегальнымі таварамі з Беларусі складаюць больш за палову ад гэтага абʼёму.

Ян Федаровіч, «Белсат»