У ВНУ Беларусі плануюць вывучаць гісторыю Саюзнай дзяржавы


Акадэмікі НАН Беларусі асвоілі расейскі грант. Сумесна з калегамі яны падрыхтавалі падручнік для ВНУ «Гісторыя Саюзнай дзяржавы». Грошы на напісанне вылучыла агенцтва па справах нацыянальнасцяў Расейскай Федэрацыі. З 18 аўтараў дапаможніка – беларусаў толькі 5. Астатнія – расейцы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Тое, што ў падручніку будуць расейскія наратывы, – гэта да гадалкі не хадзі. Але зноўку гэта цалкам супадае з тымі наратывамі, якія прапануюцца беларускім рэжымам. Гэта фармаванне, ну, скажам так, памяці», – кажа кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.

Так студэнтам раскажуць пра этапы інтэграцыі дзвюх краінаў ды эканамічную, ваенную, сацыяльную палітыку Саюзнай дзяржавы.

Аб распрацоўцы падручніка стала вядома летась у кастрычніку. Падчас форуму «Расея і Беларусь: агульная гісторыя, агульны лёс» пра неабходнасць стварэння цэлага шэрагу такіх дапаможнікаў заявіў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай. Ідэю пацвердзіў амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў:

«Гэтая тэма вельмі важная, таму што да гэтага часу ёсць розначытанні ў разуменні вельмі важных падзей і ў гісторыі Савецкага Саюзу, і ў гісторыі яшчэ Расейскай імперыі. І зараз мы дамовіліся аб тым, што будзем гэтыя падзеі разглядаць з адзінага пункту гледжання».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: unsplash.com

Павел Церешковіч, старшыня камісіі Каардынацыйнай рады ў справе адукацыі і навукі, адзначае:

«Гэта ментальная акупацыя Беларусі – вось што гэта. Гэта пазбаўленне нацыі з адной часткі свайго падмурка – вось што гэта. Будзе ставіцца пра тое, каб увогуле гэтым падручнікам заменіць арыгінальныя беларускія падручнікі. А далей – увогуле прыбраць асобны курс беларускай гісторыі».

Працу па стварэнні агульнаадукацыйнай гістарычнай прасторы Расеі і Беларусі актыўна вядуць з 2018 года. Паводле яе таксама распрацоўваюць падручнікі для школаў. Першы дапаможнік – па агульнай гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, ён ужо трапіў ва навучальныя ўстановы.

«Вядома, што ў Расеі галоўныя гісторыкі – не гісторыкі, а палітыкі. Я маю на ўвазе Пуціна і Мядзведзева. І выйшаў у Мядзведзева 2 гады таму быў артыкул, прысвечаны з большага Польшчы. Але там згадвалася і Беларусь. У тым ліку Мядзедзеў сцвярджаў, што ў 18 стагоддзі аніякіх падзелаў Рэчы Паспалітай не было. Што Расея проста вярнула сабе тое, што ёй належыць па праву», – працягвае Церешковіч.

Расейская прапаганда неаднаразова ўздымала тэму гістарычнага «трыадзінства рускай нацыі». Паводле гэтай канцэпцыі расейцы, украінцы і беларусы з’яўляюцца адзіным народам, які гвалтоўна падзялілі пасля распаду СССР. У 2021 годзе Уладзімір Пуцін сказаў, што Расея павінна аб’яднаць гэтую так званую «рускую нацыю».