Аб'ектыў 22.01.2017 220 за гадзіну. Як беларусы збіраюць подпісы супраць падатку «на дармаедства»


За адмену закону падпісваюцца тыя, хто не можа знайсці працу, маладыя маці ды проста неабыякавыя.

Ранішні збор подпісаў супраць гэтак званага дэкрэту аб дармаедстве ў сталіцы можа прэтэндаваць на рэкорды – актывісты атрымалі за гадзіну 220 подпісаў. Падатак закрануў за жывое нават самых апалітычных людзей. Толькі ў Менску «лісты шчасця» атрымалі 106 тысячаў асобаў.

Ініцыятар збору – Анатоль Лябедзька з Аб’яднанай грамадзянскай партыі – зарганізаваў на акаўнце ў «Аднакласніках» апытанне. Супраць дэкрэту цягам чатырох дзён прагаласавалі амаль 45 тыс. чалавек.

Ужывую ж на Камароўцы людзі скардзяцца, што знайсці працу – зачастую немагчыма нават з некалькімі вышэйшымі адукацыямі. Найбольш жа пакрыўдзіла дзяржава маладых маці.

«У нас маленькае дзіця, яно хваравітае. У нас няма магчымасці хадзіць на працу і вадзіць у сад. Таму я лічу што гэта няправільна: мама – гэта праца, і праца кругласуткавая», – кажа ў размове з намі жыхарка Менску.

У старшыні АГП сваё бачанне, як закрыць дзіркі ў бюджэце, апроч як з падатку для і без таго слабых групаў грамадзянаў.

«Давайце не будаваць рэзідэнцыяў коштам $ 500 млн, – прапануе Лябедзька. – Давайце гэтыя грошы накіруем на стварэнне новых працоўных месцаў. Давайце закупім станкі, абсталяванне, тэхналогіі. І хай людзі туды прыдуць і зарабляюць грошы».

Працягваецца збор подпісаў і ў рэгіёнах. Паводле намесніка старшыні АГП Васіля Палякова, які каардынуе збор у Гомлі, ініцыятыва супраціву дэкрэту № 3 зыходзіць знізу.

«Улады з гэтага нічога не атрымаюць, акрамя абурэння людзей, – лічыць Палякоў. – А нейкіх дывідэндаў у апазіцыі атрымаць не атрымаецца, бо гэта не такая доўгатэрміновая акцыя».

У Баранавічах адзін Мікола Чарнавус-малодшы сабраў больш за паўтысячы подпісаў нязгодных. Ягоны бацька днямі браў удзел у Беларускім нацыянальным кангрэсе. Там вырашылі з сабранымі подпісамі рушыць у Менск у лютым.

«Выйсці на плошчу Кастрычніцкую з караваем, з просьбай да Лукашэнкі з просьбай, каб ён скасаваў гэты ўказ і з усімі подпісамі, якія валанцёры збяруць за месяц, – кажа Чарнавус-старэйшы. – Мы да яго з хлебам, а калі ён у нас – каменем, то ён атрымае адказ».

Акцыю плануюць на 17-га лютага, падатак жа, паводле дэкрэту Лукашэнкі, трэба аплаціць да 20-га.

Марына Вашкевіч

Глядзі таксама
Каментары