Як святкаваць не шкодзячы прыродзе


У Менску ўжо стаіць больш за два дзясяткі ўпрыгожаных вулічных ялінак, і самая пара ялінкавых кірмашоў, дзе кожны можа набыць святочнае дрэўца дадому. Тым часам Міністэрства лясной гаспадаркі робіць рэйды як па кірмашах, каб спраўдзіць, наколькі законна прадаюцца ялінкі, так і ў лесе і на дарогах.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Нашыя працаўнікі на дарогах разам з працаўнікамі органаў унутраных справаў спыняюць транспартныя сродкі, калі бачаць, што яны выязджаюць з лясных масіваў, – у мэтах прафілактыкі, каб не было ў гэтых транспартных сродках навагодніх дрэваў», – кажа першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Беларусі Аляксандр Драгун.

Штраф за незаконна ссечаную ялінку складае ад 160 да 960 рублёў у залежнасці ад памеру ды месца высякання. Набыць жывую ялінку можна значна танней, цэны на ссечаныя дрэўцы пачынаюцца ад 8-10 рублёў. Але эколагі раяць не набываць такое дрэўца, а падумаць пра варыянты, больш ашчадныя для навакольнага асяроддзя. Напрыклад, ялінка ў кадцы, але яна вымагае адмысловых умоваў утрымання, каб можна было пазней высадзіць дрэўца.

«Яны не могуць быць, напрыклад, у занадта сухіх умовах, а калі ацяпленне ў доме, то гэта будзе складана. Трэба падтрымліваць вільготнасць вельмі добрую і трэба, каб было крыху халадней, чым звычайна ў кватэры», – тлумачыць менеджарка і аператарка «Зялёнага тэлефону» Паліна Бурко.

Штучная ялінка таксама лепшы за ссечанае дрэўца варыянт, але…

«Часта, калі чалавек імкнецца купіць штосьці танней, то, магчыма, гэтая ялінка ўвогуле будзе з таксічных матэрыялаў, не вельмі добрая, то бок фарба можа быць дрэннай», – кажа Паліна Бурко.

Штучную ялінку ў сталічнай краме «Прастора» можна набыць ад ста пяці рублёў за амаль двухметровае дрэўца. У ЦУМе дрэўцы даражэйшыя, ялінка вышынёй метр дваццаць каштуе ад 333 рублёў, а ўдвая вышэйшая – больш за тысячу рублёў. Нават калі выкарыстоўваць такое дрэўца дзесяць гадоў, яно каштавацьме 10-100 рублёў штогод. Яшчэ даражэй арандаваць штучную ялінку, тут цэны залежаць ад вышыні, класу і наяўнасці аздобаў. Так, паўтараметровае дрэўца без дэкору можна арандаваць за 130 рублёў, а ўпрыгожанае – прынамсі ўдвая даражэй.

«Увогуле так, разбіраюць, увогуле, гэтым пытаннем займаецца непасрэдна менеджар працы з кліентамі, але ён, на жаль, адсутнічае, цяпер на выездзе праз тое, што ялінкі ставяць», – адказалі нам у кампаніі touristshop.by на пытанне ці ёсць попыт на такую паслугу.

Арандаваць можна і ялінку ў кадцы, але прапановаў такога кшталту – няшмат.

Гледачы нашага тэлеканалу пераважна адзначаюць новы год экалагічна: з паўтары тысячы асобаў, што паўдзельнічалі ў апытанні на ют’юбе, амаль шэсцьдзясят адсоткаў ставяць штучную ялінку, яшчэ чвэрць – хвойны букет, і толькі трынаццаць адсоткаў набываюць ссечанае дрэўца.

Каб святы прайшлі яшчэ больш спрыяльна для навакольнага асяроддзя, эколагі раяць звярнуць увагу і на тое, якія аздобы вы набываеце. Напрыклад, вельмі шкодная мішура.

«Часта яна аднаразовая і гэта вельмі неэкалагічна, яна створана з неэкалагічных матэрыялаў. І цацкі навагоднія. То бок трэба імкнуцца выкарыстоўваць экалагічныя матэрыялы, напрыклад, шкло. Ці знаходзіць прадметы, якія ўжо былі ў выкарыстанні», – раіць Паліна Бурко.

А таксама адмовіцца ад феерверкаў, якія палохаюць жывёлінаў і птушак. І не гатаваць ежы больш, чым вы можаце зʼесці.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»