Перад навучальным годам закрылі школу, каб размясціць там вагнэраўцаў


Замест лінейкі, кветак, усхваляваных першакласнікаў і першага школьнага званка – вайскоўцы ў школьным будынку і на школьным падворку. У вёсцы Багатырская пад Полацкам перад самым навучальным годам закрылі школу, каб размясціць там наймітаў-вагнэраўцаў.

«Вагнэраўцаў будзе няшмат – наколькі мы ведаем, да 20 чалавек, бо больш і не трэба для трэнаванняў. Яны будуць знаходзіцца прыкладна месяц, дакладнай даты няма, калі яны з’едуць», – кажа кіраўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў.

Старэйшых дзяцей на гэты час адправяць вучыцца ў найбліжэйшыя полацкія школы, класы для малодшых размесцяць у мясцовым дзіцячым садку, паведамляе «BYPOL». Каб спраўдзіць гэтую інфармацыю, мы пазванілі наўпрост у багатырскую школу. Адказалі нам каротка: «Дадзенай інфармацыі я вам даць не магу».

І паклалі слухаўку. Няшмат мы даведаліся і ў найбліжэйшых да Багатырскай полацкіх школах. «Пазваніце ў прыёмную аддзелу адукацыі», – параілі ў СШ № 12 г. Полацку.

У прыёмнай аддзелу адукацыі Полацкага райвыканкаму нас таксама перанакіравалі: «Ну, гэта вам трэба з начальнікам пагаварыць. Начальнік пакуль адсутнічае, паспрабуйце набраць пасля абеду».

Начальнік цягам дня так і не ўзяў слухаўку. Затое ў Багатырскім дзіцячым садку нас «супакоілі»: што будзе адбывацца ў школе, яны нібыта не ведаюць, але малодшыя класы размяшчаюцца ў садку ненадоўга:

«Я не ведаю, я ведаю што тры тыдні яны ў нас будуць, і ўсё. Я ж не дырэктар школы. Яны тры тыдні ў нас пабудуць, і ўсё».

Паводле інфармацыі «BYPOL», у Беларусі могуць быць да чатырох тысяч вагнэраўцаў, асноўная іхная маса размешчаная ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну, а групы з некалькіх дзясяткаў чалавек накіроўваюцца ў розныя вайсковыя часткі для трэнаванняў. Пад Багатырскай размешчаная невялікая радыётэхнічная брыгада – вайсковая частка 25888.

У багатырскай школе, з якой выправадзілі вучняў, вагнэраўцы будуць жыць, там жа размесцяць і вайсковаабавязаных запасу, якія возьмуць удзел у вайсковых зборах, паведамляе «BYPOL». Рамантаваць жа будынак пасля побыту ў ім вайскоўцаў будуць найхутчэй за кошт дзяржавы.

«Яшчэ цікавая дэталь, што па ўсёй вёсцы аднавілі асфальт спецыяльна для паказухі, каб паказаць вагнэраўцам, што ў нас такая развітая краіна. Так што грошы ўлады Лукашэнкі будуць траціць вялікія на ўтрыманне гэтых вагнэраўцаў», – кажа Аляксандр Азараў.

На галоўнай старонцы сайту Багатырскай школы замест інфармацыі пра першы званок ці хаця б пра тое, што заняткаў у школе не будзе, размешчаная навіна пра вайсковыя зборы.

«У адпаведнасці з планам падрыхтоўкі органаў кіравання тэрытарыяльнай абароны і вайсковых частак тэрытарыяльных войскаў з 22 жніўня да 14 верасня пад кіраваннем старшыні Полацкага раённага выканаўчага камітэту Віцебскай вобласці праводзіцца вучэбны збор з вайсковаабавязанымі тэрытарыяльных войскаў», – гаворыцца ў паведамленні.

Менавіта з гэтымі вучэннямі тэлеграм-канал «Беларусь за МКАДом» звязвае і апублікаванае сёння відэа з Полацку. На ім мужчына з голым торсам і няўпэўненай хадой ганяецца за іншымі мужчынамі з нецэнзурнай лаянкай і крыкамі «Там пацаны за вас паміраюць». Спасылаючыся на відавочцаў тэлеграм-канал паведамляе, што ва ўдзельнікаў здарэння разышліся думкі пра вайну ва Украіне, а міліцыя вельмі доўга ехала на выклік.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»