Чыноўнікі ўзмацняюць ідэалагічны кантроль над экскурсаводамі


Улады ў Беларусі зноў узяліся за экскурсаводаў. Раней з гэтае прафесіі выкінулі тых, каго судзілі за «палітыку». А новая пастанова Міністэрства спорту і турызму змушае экскурсаводаў да самацэнзуры, каб іхныя аповеды не супярэчылі чынавенскаму гледзішчу. Пры гэтым гіды мусяць стаць і наглядчыкамі турыстаў. Навошта гэта робіцца?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларускіх экскурсаводаў абавязалі шанаваць дзяржаўную сімволіку і не дапускаць падчас працы суб’ектыўных некарэктных ацэнак і выказванняў пра Беларусь ды іншыя дзяржавы. Адпаведную пастанову выпусціла Мінспорту і турызму. Чыноўнікі, падобна, узмацняюць кантроль над сфераю экскурсійных паслуг.

«Многіх дасведчаных гідаў, якіх я ведаю, пазбавілі атэстацыі. Па-другое, кантроль, каб транслявалася правільная інфармацыя, якая не перашкаджае ўспрыманню Беларусі ў рэчышчы, патрэбным уладам», – кажа экскурсавод Юрый Куўшынаў.

Допуску да атэстацыі летась пазбавілі тых экскурсаводаў, якіх судзілі на падставе палітычных артыкулаў. А без яе легальна працаваць – немагчыма. Тым, хто застаўся ў прафесіі, цяпер прыдумалі новыя абавязкі.

«Ёсць такія пункты, калі ты мусіш сачыць за людзьмі, якіх водзіш. Спрабаваць не даваць ім задаваць правакацыйныя пытанні. Але людзі маюць пытанні. Нічога новага ў гэтым няма. Беларусь працягваюць ператвараць у Паўночную Карэю», – каментуе пастанову экскурсавод і блогер Максім Сергіец.

Фактычна лукашэнкаўскія ўлады новай пастановай ускладаюць на экскурсаводаў паліцэйскія функцыі.

«…а таксама прыняцце захадаў дзеля недапушчэння з боку турыстаў, экскурсантаў або іншых асобаў некарэктных, правакацыйных і іншых негатыўных выказванняў або дзеянняў», «…забеспячэнне ашчаднага стаўлення турыстаў, экскурсантаў да навакольнага асяроддзя, прыняцце захадаў дзеля недапушчэння прычынення імі шкоды турыстычным рэсурсам», – напісалі чыноўнікі ў новай пастанове.

«Такое ўражанне, што беларусаў хлебам не кармі – дай што-небудзь разбурыць, нанесці шкоду. Трэба іх кантраляваць. У канцлагер бы іх усіх, але пакуль не вырасла такая канцлагернасць. Але будзем працаваць над гэтым – думаюць яны», – кажа кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.

Хто мае вызначаць так званую абʼектыўнасць ацэнак, выказаных экскурсаводам? Імаверна, чыноўнікі з іхнымі гістарычнымі ўпадабаннямі.

«Мы бачым, якія трэнды ў нас у поглядах на гісторыю. Гэта братні саюз, Вялікая Айчынная вайна, подзвіг падпольшчыкаў, партызанаў і Берасцейскай крэпасці. І колькі трактароў выпусціў трактарны завод», – кажа Яўген Красулін.

Перыяд Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай для рэжыму – тэма нязручная, мяркуе гісторык Яўген Дудкін. Бо гэтыя часы могуць нагадаць беларусам пра іхны еўрапейскіх шлях развіцця ды выклікаць іншыя пытанні да ўлады.

«Адмовіцца ад дыктатуры, якая болей уласцівая азіяцкім дзяржавам, папрасіць дэмакратычныя выбары ў парламент, якія – хоць і абмежаваныя – былі ў часы Рэчы Паспалітай. А таксама мясцовае самакіраванне – Магдэбургскае права», – разважае Яўген Дудкін.

Адметна, што ў Польшчы, з якою Беларусь у даўніну ўтварала агульную дзяржаву, ад абавязковага ліцэнзавання экскурсаводаў адмовіліся. Калі гаворка не ідзе пра патэнцыйна небяспечныя маршруты. У астатнім дзее рынкавая канкурэнцыя без умяшання дзяржавы.

Валянцін Васіленка, «Белсат»