Чарговы брудны завод з‘явіцца ў Берасці?


У Берасці можа з‘явіцца чарговае бруднае прадпрыемства – новы асфальтабетонны завод. Яго плануюць пабудаваць ля жылога раёну на вуліцы Газдзецкага. Эколагі знайшлі вялікія недахопы ў праекце, што пагражаюць сур‘ёзным пагаршэннем стану навакольнага асяроддзя. Каб пазбавіцца ад іх, мясцовыя ўлады мусяць прыняць адпаведныя захады. Але ці пойдуць яны на гэта?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ямінаў на дарогах можа быць меней, а асфальту болей. У Берасці плануюць пабудаваць новы асфальтабетонны завод. Да справаздачы пра ўздзеянне прадпрыемства на навакольнае асяроддзе эколагі маюць дваццаць дзве заўвагі.

«Ёсць памылка ў разліку рассейвання забруджвальных рэчываў, і гэта кажа пра тое, што або трэба гэты завод размяшчаць у іншым месцы, інакш забруджванне будзе закранаць тыя тэрыторыі, дзе пражываюць людзі, або трэба рабіць нейкія захады, каб гэтых забруджвальных рэчываў было меней», – адзначыла сябра рады «Экадому» Ірына Сухій.

Як вынікае са справаздачы, замоўцам выступае камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Берасцееблдербуд». Меркаванае месца будаўніцтва недалёка ад трасы М1 – Берасце – Менск – Масква. Завод можа спатрэбіцца для яе рэканструкцыі, мяркуе эканаміст Аляксей Харкевіч: «Я не вельмі разумею, навошта гэта было рабіць у межах гораду, дзе побач ёсць зона адпачынку і жылыя кварталы, шматпавярховая забудова. Натуральна, дзе вырабляюць бетон, там будзе шмат пылу, шмат машынаў і так далей. Звычайна гэта робяць недзе на адлегласці ад гораду, але там, дзе будзе будавацца магістраль».

Пабудаваць новы завод плануюць на вуліцы Газдзецкага, недалёка ад жылых кварталаў. У справаздачы зафіксаваныя перавышэнні выкіду цвёрдых часцінак у атмасферу, адзначаюць эколагі. Знізіць выкіды могуць адмысловыя фільтры, падкрэслівае эксперт у будаўніцтве дарог: «Калі прадпрыемства хоча замяніць гэты фільтр дзеля таго, каб завод адпавядаў сучасным экалагічным патрабаванням, яно мусіць выдаткаваць сур‘ёзныя сродкі на такую замену. Не заўсёды прадпрыемства гэтыя сродкі мае. І шмат хто гатовы плаціць штрафы эколагам, а не займацца заменай гэтага фільтру».

Паўплываць на будаўніцтва могуць грамадскія абмеркаванні. Сёння – апошні дзень для падачы заявы ў гарвыканкам на іх правядзенне. Берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк цяпер за межамі Беларусі, але плануе скіраваць электронны зварот на правядзенне слуханняў, каб будаўнікі і ўлады адказалі на пытанні грамадзянаў. І хаця ўдзел у слуханнях – гэта законная працэдура, у яе эфектыўнасць праваабаронца верыць слаба: «Няма такога, каб грамадскасць, прынамсі ў берасцейскім рэгіёне, паўплывала на будаўніцтва такіх небяспечных аб‘ектаў. У іншых рэгіёнах такія факты былі, калі грамадзяне сваім пратэстам прымушалі ўлады адмовіцца ад будаўніцтва такіх небяспечных аб’ектаў. Але ў Берасці такая карціна».

Меркаваныя выкіды будучага заводу дакладна будуць парушаць беларускае заканадаўства, перакананая эколаг Ірына Сухій. Але ці захочуць мясцовыя ўлады выконваць уласныя законы, стане вядома найбліжэйшым часам. Раней шматлікія пратэсты берасцейцаў супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу і нават абяцанне Аляксандра Лукашэнкі правесці мясцовы рэферэндум на гэтую тэму не далі ніякага плёну. Летась завод быў здадзены ў эксплуатацыю.

Антон Каменскі, «Белсат»