БелАЭС хочуць запусціць на 100% да канца года


Другі бок БелАЭС запрацаваў на палову сваёй магутнасці. Да канца года станцыю плануюць запусціць на 100%.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта самыя сучасныя блокі, што адпавядаюць самым высокім патрабаванням бяспекі. Адпаведна, гэта дазволіць умацаваць энергетычную бяспеку нашай краіны», – запэўнівае міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч.

На поўнай магутнасці станцыя пачне вырабляць 18 млрд кВт·г. Гэта, паводле «Мінэнерга», заменіць 4,5 млрд м³ газу. А за сваю працу з 2020 года станцыя ашчадзіла краіне 3,8 млрд м³ газу, хваліцца міністр энергетыкі.

Тым часам у 2020 годзе, калі АЭС запусцілі, у Расеі закупілі 18,7 млрд м³. У 2021 колькасць нават вырасла. Афіцыйных дадзеных пра 2022 год няма, але вядома, што планавалі закупіць18,9 млрд м³.

«Атамная электрастанцыя прызначаная, каб забяспечваць у першую чаргу ў асноўным вытворчасць, якая спажывае электраэнергію ў рэжыме 24/7/365. У той час як газ патрэбны для функцыянавання цеплавых электрастанцыяў, адрасаваных спажыўцам меншым. Замяніць газ на цеплавых электрастанцыях магутнасцю, якая вырабляецца выключна на атамнай станцыі, немагчыма. Гэта розныя магутнасці», – тлумачыць эксперт у пытаннях энергетыкі Генадзь Рабцаў.

Пасля поўнага запуску атамная станцыя пакрыла б палову спажыванай у Беларусі электраэнергіі. Куды ж дзяваць лішкі, што застануцца ў Белэнерга? Нават прэм’ер-міністр краіны заклікае падвышаць спажыванне электраэнергіі:

«Мы загадзя прымалі ўсе меры стымуляцыі спажывання электраэнергіі ў першую чаргу жыхарамі, фізічнымі асобамі, грамадзянамі нашай краіны».

«Папросту ён прызнаўся цяпер, што няма куды дзяваць электраэнергію, што абсалютна лішняя гэтая атамная электрастанцыя. Ну, няма ў Беларусі росту энергаспажывання, росту прамысловасці, не ствараюцца новыя прадпрыемствы. І што яны прымушаюць як насельніцтва, гэтак і прамысловасць, падвышаць энергаспажыванне. Што ж гэта атрымліваецца? Не выключаць лямпачкі, калі выходзіш з пакою?» – абураецца інжынер-фізік, чалец праграмы «Бяспека радыеактыўных адкідаў» Андрэй Ажароўскі.

Калі, нават нягледзячы на санкцыі і непатрэбнасць электраэнергіі Расеі, лішкі атрымаецца перанакіраваць, напрыклад, далей на Усход – застаецца яшчэ адна праблема. Ці гатовыя электрасеткі прыняць на сябе столькі энергіі з аднае крыніцы? Іх мадэрнізацыю абяцаюць скончыць толькі пад 2025 год.

«Звычайна спачатку рыхтуецца інфраструктура, а потым ужо будуецца прамысловае прадпрыемства. Гэты праект пагражае надзейнасці і стойкасці энергетычнай сістэмы Рэспублікі Беларусь у цэлым», – каментуе Генадзь Рабцаў.

Пакуль жа яшчэ на год, да 2024 года, падаўжаюць тэрмін вызвалення БелАЭС ад падаткаў на зямлю і нерухомасць. Яны прывязаныя да перыяду, калі пачнецца выплата крэдыту Расеі, і падаўжаліся ўжо некалькі разоў. Бо паўнавартаснае ўвядзенне ў эксплуатацыю зацягваецца.

«Пасля ўключэння першага энергаблоку электраэнергія не патаннела, а наадварот – падаражэла. Што ж тады адбудзецца, калі пачнуцца выплаты крэдытаў? Ну, карацей не бачу ў гэтым сапраўды ніякага сэнсу. Бачу толькі такую страшнаватую інерцыю. Усё ж гэтыя вельмі небяспечныя абʼекты вырабляюць вельмі небяспечныя радыёадкіды, з якімі незразумела, што рабіць, абыходжанне з якімі дорага каштуе», – лічыць Андрэй Ажароўскі.

Цяпер будуць рабіцца тэсты другога энергаблоку. У тым ліку яго адключаць ад электрасеткі. Перад запускам зробяць планавы рамонт першага блоку.

Яна Шэк, «Белсат»