Ці законна праводзяцца суботнікі ў Беларусі?


У дзень народзінаў правадыра сусветнага пралетарыяту Уладзіміра Леніна ўлады Беларусі зладзілі штогадовы рэспубліканскі суботнік. Лукашэнка адправіўся добраўпарадкаваць тэрыторыю мемарыяльнага комплексу «Хатынь».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Садзіў дрэвы Лукашэнка не толькі разам з маладою дзяўчынаю і малодшым сынам Мікалаем. Тут былі журналісты дзяржаўных медыяў і некалькі дзясяткаў актывістаў БРСМ. У чым жа сэнс яшчэ савецкай практыкі – ладзіць калектыўныя прыборкі?

«Усе суботнікі, якія праводзіць улада ў Беларусі – гэта паказуха. І няма за гэтым ніякай праўды. Няма за гэтым ніякай рэальнай працы. І простыя людзі гэта, канешне ж, цудоўна разумеюць», – распавядае прадстаўнік Свабоднага прафсаюзу Беларускага Дзяніс Садоўскі.

А ў розных месцах Менску на суботніку працавалі больш за 4000 чалавек. Напрыклад, міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч у белай вопратцы разам з моладдзю добраўпарадкоўвала вайсковыя пахаванні на Кальварыйскіх могілках. Там, дзе спачываюць душы сотняў людзей, чыноўніца працавала пад музыку.

«Тут асаблівыя могілкі, бо тут вельмі шмат ёсць магіл, дзе пахаваны салдаты. Якіх мы не ведаем успаміне. Але яны аддалі сваё жыццё за тое, каб сёння… Так, вось могілкі, але быццам бы грае побач музыка… Бо жыццё працягваецца», – казала чыноўніца.

Паводле палітолага Паўла Усава, суботнікі ў сучасная Беларусі – гэта яшчэ і форма прымусу да палітычнай пакорлівасці. Бо адмовіцца ад удзелу ў нібыта добраахвотнай падзеі прынамсі працаўнікам бюджэтных прадпрыемстваў і ўстановаў – немагчыма:

«Гэта яшчэ адзін элемент дадатковага кантролю, маніторынгу сітуацыі – усе гэтыя рытуалы накшталт суботнікаў, мітынгаў, нейкія дэманстрацыі. Улада праз дзеянні і паслухмянасць людзей легітымізуе новы парадак, што стабілізаваўся ў Беларусі».

У беларускіх суботніках ёсць яшчэ адзін важны складнік – гэта эканоміка, ці эканомія. Так званыя ўлады гэтага і не хаваюць. Заробленыя сёлета сродкі накіруюць на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу вязням Азарыцкага лагеру смерці, а таксама на патрыятычнае выхаванне моладзі на базе Кобрынскага ўмацавання Берасцейскай крэпасці. Гэта 12 мільёнаў трыста тысяч рублёў.

«Гэта не патрачаныя грошы, зэканомленыя, за кошт бясплатнай працы. І дзяржава, калі кажуць, што яны зарабілі на гэтым суботніку – гэта трэба разумець, што яны не патрацілі тое што маглі бы патраціць. І адпаведна зэканомленыя грошы яны могуць пусціць на нейкія рэчы, якія лічаць важнымі», – тлумачыць Дзяніс Садоўскі.

Таксама Садоўскі адзначае, што змушаць да працы – незаконна. І калі б у Беларусі дзейнічалі незалежныя суды, то яны б дамагліся спынення такой практыкі.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»