Паўтары сотні ракетаў і дронаў: Расея б'е па ўкраінскай энергетыцы


Прынамсі 5 чалавек загінулі, дзясяткі параненыя, а сотні тысячаў засталіся без цяпла і электраэнергіі. Расея нанесла самы магутны ўдар па Украіне ракетамі і дронамі-камікадзэ. Цэлілі ва ўкраінскую энергетычную інфраструктуру.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На гэтых кадрах момант трапляння расейскай ракеты ў Дняпроўскую ГЭС – найвялікшую гідраэлектрастанцыю Украіны. На яе зафіксавалі восем атак – у будынкі ГЭС-1 і ГЭС-2. На станцыі ўзнік пажар, аднак пагрозы прарыву дамбы няма, заявілі ва «Укрэнерга». Працу Дняпроўскай ГЭС спынілі.

Акрамя Дняпроўскай ГЭС атаку расейскіх ракетаў і дронаў зазналі энергетычная і крытычная інфраструктура, а таксама цывільныя абʼекты Вінніцкай, Адэскай, Хмяльніцкай, Львоўскай і Харкаўскай вобласцяў. У выніку ўдараў загінулі што найменей 5 чалавек, некалькі дзясяткаў пацярпелі. Ва «Укрэнерга» назвалі сённяшнюю атаку самым маштабным ударам расейцаў па ўкраінскай энергетыцы з пачатку поўнамаштабнага ўварвання.

«Гэта нябачаная раней колькасць дронаў і ракетаў, выпушчаных па нашай інфраструктуры з пачатку поўнамаштабнага ўварвання. То бок нават мінулаю зімою не фіксавалася такіх атак. Таму ў некаторых рэгіёнах назіраюцца адключэнні. У тым ліку для таго, каб не перагружаць тых сетак і сістэмаў, якія працуюць і якія не ўдалося знядзеіць», – кажа кіраўнік «Укрэнерга» Уладзімір Кудрыцкі.

Па Харкаве расейцы выпусцілі больш за дваццаць ракетаў. У выніку ўдару горад цалкам застаўся без электраэнергіі. Абʼекты крытычнай інфраструктуры працуюць дзякуючы генератарам.

«Вораг мэтанакіравана цэліў у абʼекты энергетыкі і знядзеіў іх. Горад цалкам адключаны. З гэтай прычыны не працуе цепла- і водазабеспячэнне. Не працуе транспарт. Нашыя адмыслоўцы працуюць над выпраўленнем сітуацыі», – распавёў мэр Харкава Ігар Тэрэхаў.

Агулам ноччу і раніцаю расейцы выпусцілі па тэрыторыі Украіны больш за паўтары сотні ўдарных беспілотнікаў і ракетаў. Удары наносіліся з розных бакоў зенітнымі ракетамі С-300 і С-400, крылатымі Х-22, Х-101 і Х-555, балістычнымі «Іскандэрамі», кіраванымі авіяцыйнымі Х-59 і аэрабалістычнымі «Кінжаламі». Украінскія журналісты падлічылі, што сённяшняя атака каштавала расейцам каля 675 мільёнаў долараў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пускавая ўстаноўка NASAMS.
Фота: kongsberg.com

«На сённяшні дзень расейскія акупацыйныя войскі і расейскі ваена-прамысловы комплекс не маюць дастатковага забеспячэння ракетамі.Таму кожны такі масаваны ўдар ці паслядоўнасць удараў абмежаванаю колькасцю (20-30 ракетаў) яны вымушаныя рыхтаваць заранёў. Часам, нават па -некалькі месяцаў, накопліваючы ракетны патэнцыял». – кажа ваенна-палітычны аглядальнік групы «Iнформацiйний спротив» Аляксандр Каваленка.

Пры гэтым сілам абароны Украіны ўдалося збіць толькі дзевяноста дзве са ста пяцідзесяці адной паветранай цэлі.

«Балістычныя ракеты, якія былі скіраваныя менавіта ў вобласці, дзе не размешчаныя Patriot і IRIS-T, яны не былі перахопленыя і дасягнулі сваіх мэтаў, ну, ці часткова дасягнулі. Праблема ў тым, што Украіне не хапае не столькі ракетаў для перахопу – нам проста не хапае саміх новых тэхнічных установак», – дадае Каваленка.

Расейскае Мінабароны ў сваёй справаздачы прызнала, што мішэнню сённяшняй атакі была менавіта энергетычная інфраструктура Украіны. Там назвалі дзеянні Расеі «ўдарам адплаты» за абстрэлы памежнай Белгародскай вобласці.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»