Лукашэнка забараніў экстрэмізм у космасе


Узняць бел-чырвона-белы сцяг у космасе не атрымаецца. Беларускіх касманаўтаў, цяперашніх і будучых, папярэдзілі пра адказнасць і санкцыі за любыя дзеянні, звязаныя з тым, што лукашысты лічаць экстрэмізмам. І ў космасе, і на Зямлі. Якім, на думку рэжыму, мусіць быць касманаўт, а таксама як ідэолагі ствараюць вобраз Беларусі як касмічнае дзяржавы?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пенсія за асаблівыя заслугі, будаўніцтва жытла з дзяржаўным падтрыманнем, статус ганаровага госця на ўрачыстасцях – такія прэферэнцыі абяцае новы закон для касманаўтаў. Гэта пернікі, а ёсць і бізун: за любыя праявы таго, што ў сучаснай Беларусі лічаць экстрэмізмам, касманаўт адразу пазбавіцца ўсяго.

«Тут страх Лукашэнкі, страх сістэмы перад іншадумствам вылазіць, каб нават сярод гэтых лаяльных кандыдатаў на палёты ў космас раптам не знайшоўся нейкі нядобранадзейны з гледзішча рэжыму. Ці раптам злётае – і зорная хвароба яго ахопіць, пачне казаць нешта, што не супадае з генеральнай лініяй рэжыму», – тлумачыць падвышаную ўвагу да экстрэмізму ў новым указе палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі.

Новыя нормы прапісалі ў апублікаваным на Нацыянальным прававым партале ўказе «Аб статусе беларускага касманаўта». Аляксандр Лукашэнка падпісаў яго дзевятнаццатага сакавіка, у дзень сустрэчы з удзельнікамі дваццаць першай экспедыцыі на МКС Алегам Навіцкім і Марынай Васілеўскай.

На пытанні Лукашэнкі пра самаадчуванне Марына Васілеўская адказала наступнае:

«Канешне, перажыванне, хваляванне прысутнічае, але ў мяне вельмі дасведчаны, надзейны камандзір. І ён дае мне вялікую ўпэўненасць».

Запланаваны на 21 сакавіка палёт бортправадніцы «Белавіі» Марыны Васілеўскай у космас не адбыўся праз пазаштатную сітуацыю. Запуск карабля «Саюз-МС-25» перанеслі. Сітуацыю пракаментаваў гендырэктар карпарацыі «Роскосмос» Юрый Барысаў:

«Космас – штука такая, сітуацыя цалкам зразумелая. Увесь разлік разумее, што рабіць, у нас ёсць інструкцыя на гэты выпадак. Ніякай панікі няма».

Адсутнасць уласнай вытворчасці касмічных караблёў і ракетаў, а таксама магчымасці самастойна ажыццяўляць палёты ў космас, не замінаюць Лукашэнку называць Беларусь касмічнаю дзяржаваю.

Аляксандр Лукашэнка.
Фота: president.gov.by

«Засталося толькі грошы знайсці, але Пуцін – малайчына, ён не шкадуе грошай, каб нас падтрымаць як касмічную дзяржаву. Ну, мы з імі разлічымся праз іншыя напрамкі: у нас жа там спадарожнікі, вялікі сегмент», – казаў ён на сустрэчы 19 сакавіка.

Так званая касмічная дзяржава трымаецца выключна за кошт суседа: тры беларускія спадарожнікі трапілі на арбіту Зямлі дзякуючы расейскім калегам, беларускія кампаненты для касмічных апаратаў экспартуюцца ў першую чаргу ў Расею.

«У Беларусі касмічныя бюджэты сціплыя, але ёсць вялікі сябар – Расея, якая можа падкінуць удзельніка беларускага палёту да космасу, і Беларусь гэтым скарысталася. У цэлым ніякіх адмоўных эфектаў для эканомікі Беларусі або навукі Беларусі я тут не бачу, злятае і злятае», – тлумачыць папулярызатар касманаўтыкі, аўтар блогу «Открытый космос Зеленого кота» Віталь Ягораў.

Рыхтаванне першай беларускі да палёту на Міжнародную касмічную станцыю – нагода для піяру: і для Лукашэнкі, і для ягоных прапагандыстаў.

«Лукашэнка ва ўсім. Чаму ён за гэты хакей так перажывае, за космас? Ён пачаў называць Беларусь ядравай краінай. Бо тут АЭС і Расея, я падкрэслю, размясціла тут сваю ядравую зброю. Ну, але вось хочацца Лукашэнку мець атрыбуты велічы савецкіх часоў. І касманаўтыка таксама ў іх ліку», – лічыць Аляксандр Класкоўскі.

Пры гэтым сапраўды перспектыўная IT-галіна ў Беларусі перастала развівацца. Калі раней яна спрыяла прагрэсу айчыннай эканомікі, то цяпер, наадварот, цягне валавы ўнутраны прадукт уніз.

Аліна Скрабунова, «Белсат»