Акцыі ды маршы, канферэнцыі ды паэтычныя імпрэзы ў Польшчы, Літве, Злучаных Штатах, Грузіі ды іншых краінах. Сёлета, як і ў мінулыя гады, Дзень Волі беларусы будуць святкаваць маштабна і разнастайна.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
Святочныя імпрэзы да 106-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ўжо стартавалі. Асноўныя ж падзеі чакаюцца ў нядзелю і панядзелак. Гэтак, у розных буйных гарадах Польшчы, такіх як Беласток, Быдгашч, Вроцлаў, Гданьск, Познань, Шчэцін, Кракаў, Ольштын, Торунь беларуская дыяспара ладзіць мітынгі, канцэрты, кірмашы і кінапаказы. Галоўныя падзеі – 24 сакавіка ў Варшаве. Паводле суарганізатаркі і сувядоўцы акцыі да Дня Волі Марыны Савіцкай, святкаванне ў польскай сталіцы сёлета будзе шырокім, будуць прамоўцы не толькі з Беларусі, але і з Украіны і Польшчы. Што да музычнай часткі, то яе падтрымаюць беларускія артысты.
Урачысты марш пачнецца на пляцы Трох крыжоў. А ўвечары – канцэрт на Замкавай плошчы. Весці стрым з гэтых падзеяў будзе наш тэлеканал. Пачатак а 16-й паводле менскага часу. Нашыя карэспандэнты будуць паказваць шэсце, урачыстыя прамовы. Плануецца пераключыцца некалькі разоў на Літву, яшчэ на адзін польскі горад – Беласток. Як гаворыць кіраўнік рэдакцыі навінаў «Белсату» Ігар Кулей, праз гэты стрым беларусы, якія знаходзяцца ўнутры краіны, могуць адзначыць Дзень Волі патаемна, недзе ўдома, напрыклад, уключыўшы «Белсат».
У літоўскай сталіцы Дзень Волі ладзяць талакою розныя беларускія арганізацыі. Мітынг, канцэрты беларускіх музыкаў і Вольнага хору, круглы стол і традыцыйны аўтапрабег з Вільні ў Коўна, дзе пахаваны стваральнік бел-чырвона-белага сцягу Клаўдзій Дуж–Душэўскі. Там, паводле дырэктаркі валанцёрскай арганізацыі «Дапамога» Наталлі Калегавай, мітынг павагі і ўдзельнікі вернуцца ў Вільню.
А вось беларусаў унутры краіны каманда «БНР-100» запрашае далучыцца да святкавання праз онлайн-канцэрт. На яго правядзенне на «BYSOL» яшчэ працягваецца збор сродкаў. Пакуль сабралі каля пяці тысяч еўраў. Запланаваная святочная чатырохгадзінная трансляцыя, яна пачнецца 25-га сакавіка а 19:00 паводле Менску на YouTube-канале «Годна». Будуць музычныя і інфармацыйныя блокі. Кіраўніца ініцыятывы «Годна» Аліна Герашчанка адзначае, што гаварыць з запрошанымі экспертамі будуць пра гісторыю БНР, пра падзеі ў 1918-м, гісторыю адраджэння ў 1990-х, калі пачалі ўзгадваць і святкаваць Дні Волі. Гэтаксама і пра тое, чаму зараз важна захоўваць і развіваць культуру Беларусі.
Далучацца да святкавання Дня Волі яшчэ і беларускія дыяспары ў Чэхіі, Францыі, Нямеччыне, Канадзе, ЗША і Грузіі.
Адсвяткуем разам!
Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»