Улады спрабуюць утрымаць гадавую інфляцыю


План уладаў – утрымаць гадавую інфляцыю на 3,5 %. Пра гэта сведчыць дакумент «для службовага карыстання», што трапіў у рукі «BELPOL». Што яшчэ вынікае з дакументу і як чыноўнікі збіраюцца стрымліваць рост цэнаў?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На колькі сёлета вырастуць цэны? Паводле прагнозу, які сваім указам зацвердзіў Лукашэнка, інфляцыя не перавысіць 6 %. Але аказалася, што рэжым мае больш амбітныя планы. Ад ініцыятывы «BELPOL» «Белсат» атрымаў службовы дакумент. З яго вынікае, што інфляцыя паводле вынікаў года не можа перавысіць 3,5 %.

«З дапамогай асноўных мераў, з дапамогай якіх дзяржава хоча стрымліваць рост коштаў, то гэта старыя метады. Найперш гэта жорсткае захаванне рэгулявання коштаў на шэраг гандлёвых пазіцый», – адзначае эканамістка даследчага цэнтру «BEROC» Настасся Лузгіна.

Паводле злітаму дакументу, цэны стрымаюць на так званы «баршчовы набор»: бульбу, буракі, капусту, моркву, цыбулю, яблыкі, гуркі ды памідоры – максімальна яны падаражэюць на тыя ж 3,5 %.

Плануюць замарозіць і тарыфы на камунальныя паслугі, транспартаванне, цэны на паліва, сувязь і лекі – тут дазволяць павышаць толькі базавую велічыню і стаўкі акцызаў.

«Гэта менавіта палітычнае рашэнне. Да таго рашэння міжнародныя структуры нам прагназавалі інфляцыю ў 23-м годзе на ўзроўні 8 % – не болей. У выніку ўсіх гэтых крокаў па кіраванню коштамі мы атрымалі інфляцыю трохі ніжэй за 6 %. І за гэтыя 2 % пункта мы заплацілі тымі самымі крымінальнымі справамі і шмат чым яшчэ іншым», – кажа эканамічны блогер Аляксандр Кныровіч.

пенсіянеры ў краме
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аляксандр Побат / 1prof.by

«Натуральна, дзяржаве трэба браць рэсурсы, грошы. У гэтым выпадку магчыма пераразмеркаванне артыкулаў бюджэту. Вядома, гэта не ёсць добра», – дадае Лузгіна.

Пры гэтым інфляцыя ў Беларусі разганяецца: калі ў верасні год да года яна была 2 %, у кастрычніку – 3,7 %, у лістападзе – 5,4 %, у снежні – 5,8 %, то ў студзені – ужо 5,9 %.

Чыноўнікі прызнаюцца, што прычынаю росту цэнаў ёсць дзеянні самой улады. Цэны, якія яны рэгулююць, растуць хутчэй, чым базавая інфляцыя. Гэтак, калі летась спажывецкія цэны выраслі на 5,8 %, то тыя, што рэгулюе дзяржава, – на 8,1 %.

«Ручное кіраванне коштамі, канешне, вельмі дрэнна ўплывае на эканоміку, у першую чаргу – на гандаль. Мы бачылі, як у мінулым годзе больш за палову аб’ектаў працавала ў страты і нічога не магла з гэтым зрабіць», – адзначае Кныровіч.

Акрамя таго, аўтары даведкі «для службовага карыстання» прызналі праблему дэфіцыту працоўных рук. Адзін са спосабаў утрымаць кадры – павышэнне заробкаў. Але як рабіць гэта ў цяперашніх умовах і стрымліваць пры гэтым інфляцыю?

Кацярына Гардзеева, «Белсат»