ЦВК ідзе на рэкорд: датэрміновае галасаванне працягваецца


Правесці найбліжэйшую нядзелю з карысцю для сябе, а не для рэжыму, заклікала Святлана Ціханоўская. Каманда абранай прэзідэнткі запісала крэатыўны ролік з варыянтамі заняткаў на дзень так званых выбараў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Прыгатуйце беларускую нацыянальную страву, пакаштуйце самі ці пачастуйце сяброў».

«Наведайце музей, далучыцеся да экскурсіі. Даведвацца новае – заўсёды файна», – раяць удзельнікі роліка.

Прагучала тэма беларускіх бязвыбараў і ў Вене, дзе Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у зімовай сесіі Парламенцкай асамблеі Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе. Паводле прэс-службы Палаты прадстаўнікоў, лукашэнкаўская дэлегацыя таксама ўдзельнічала ў паседжанні. Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЕ напярэдадні выступіла з заяваю наконт сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

«БДІПЧ выказвае глыбокае шкадаванне ў сувязі з пастановаю ўладаў Беларусі не запрашаць да назірання за парламенцкімі выбарамі ў гэтыя выходныя, пазбаўляючы грамадзянаў і інстытуты краіны магчымасці бесстаронняй, празрыстай і ўсёабдымнай ацэнкі з боку міжнароднага органу», – гаворыцца ў заяве.

Тэлеграм-канал праўладнага Цэнтру грамадскага назірання за выбарамі публікуе выказванні назіральнікаў пра спакойную хаду датэрміновага галасавання і добрыя ўмовы для працы:

«Усе ўмовы для працы створаныя, мы кіруемся Выбарчым кодэксам, у нас ёсць памяткі назіральніка».

«Што магу сказаць як назіральнік: нашыя выбары праходзяць ціха, спакойна, плаўна».

Паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі, станам на дваццаць першага лютага на асноўны дзень выбараў акрэдытавалі амаль трыста замежных назіральнікаў. Дваццаць тры з іх – незалежныя, з Нямеччыны, Літвы, Польшчы, Італіі, Сербіі ды шэрагу іншых краінаў.

«Тэарэтычна гэта можа быць хто заўгодна. Могуць быць прадстаўнікі палітычных партыяў ці арганізацыяў, асабліва тыя, што з большымі сімпатыямі ставяцца да ўладаў Беларусі і думаюць, што з імі варта працягваць размаўляць. Зразумела, што ўлады Беларусі гэтых назіральнікаў адфільтравалі, то бок выпадковых людзей там не будзе», – кажа палітолаг Алена Кудзько.

Такім чынам Лукашэнка спрабуе, з аднаго боку, легалізаваць выбары, а з іншага – знайсці новыя шляхі кантактаў з Еўропай, падкрэслівае палітолаг.

«Ён ведае, што і ў саміх еўрапейскіх краінах будзе вельмі шмат выбараў. Ён ведае, што ёсць пэўная стомленасць ад вайны ва Украіне і ўсім, што з гэтым звязана. Ён ведае, што ёсць палітычныя плыні, якія хочуць, як і ён, перагарнуць старонку і, у тым ліку, наладзіць лепшыя стасункі з уладамі Беларусі», – кажа Алена Кудзько.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 95 выбарчы ўчастак у Магілёве. Фота Алеся Сабалеўскага

А Цэнтральная выбарчая камісія працягвае здзіўляць высокімі лічбамі: калі ў першы дзень паведамілі пра амаль шэсць адсоткаў, за два дні нібыта прагаласавалі 14,6 % выбарнікаў.

«Студэнтаў, вайскоўцаў, тых людзей, якія паднявольныя, скажам так, адпраўляюць прымусова, вельмі празрыста намякаючы, што трэба схадзіць і зрабіць гэта ды з’ехаць (што датычыць студэнтаў) дадому на выходныя», – кажа юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Праскаловіч.

Але ў чым сэнс такой высокай долі тых, хто прагаласаваў датэрмінова?

«Як бы ні намагалася прапаганда, людзі будуць бачыць, што ўчасткі пустыя. Людзі не стаяць у чарзе, як мы бачылі, напрыклад, у 2020-м. І для абгрунтавання ім патрэбныя высокія лічбы датэрміновага галасавання, каб казаць, што ў асноўны дзень людзей мала, бо ўсе прыйшлі датэрмінова», – тлумачыць Арцём Праскаловіч.

Датэрмінова – сёння – прагаласаваў і старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»